Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дом “Мацвей 25” у Мазамбіку чакае візіту Папы

У першы дзень Апостальскага візіту ў Мазамбік папа Францішак наведае ў горадзе Мапуту сацыяльны Дом “Мацвей 25”, назва якога адсылае да 25-ага раздзелу Евангелля паводле св. Мацвея.

Гэта ўрывак, у якім Езус кажа, што Ён прысутны ў браце, які прагнуў і якому далі піць, у галодным, якога накармілі. Пантыфік заўсёды падкрэслівае, што гэты евангельскі фрагмент – “пратакол”, на падставе якога мы будзем судзімыя. Ідэя служэння бедным у патрэбе, якую пашырае Евангелле, якраз і лягла ў аснову ініцыятывы Дом “Мацвей 25”.

Гаворка ідзе пра ўстанову для падлеткаў з бедных сем’яў. Дабрачынная ініцыятыва садзейнічае забеспячэнню жыллём бедных і адчужаных юнакоў і дзяўчат. Менавіта сюды 5 верасня 2019 г., у першы дзень сваёй пілігрымкі ў паўднёва-ўсходнюю Афрыку, накіруецца з прыватным візітам Францішак.

Апрача дзейнасці прытулку для бедных, з 19 ліпеня 2018 г. у Мапуту арганізавана сістэма паслуг для бяздомных. На цэнтральнай вуліцы горада дзейнічаюць два прыёмныя пункты для людзей у патрэбе, над якімі апякуюцца, у тым ліку, законніцы з Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці і Кангрэгацыі Служак Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Штодня ад 70 да 120 чалавек атрымліваюць тут неабходную дапамогу. Сярод іх – нарказалежныя, хворыя, былыя зняволеныя.

Акрамя забеспячэння першасных матэрыяльных патрэб, гэтыя сацыяльныя цэнтры імкнуцца прывіць асобам, якія тут апынуліся, базавыя асновы веры: пачынаючы са знаку крыжа і невялікай катэхезы на аснове зместу Евангелля або жыцця пэўнага святога і завяршаючы галоўнымі хрысціянскімі малітвамі.

Да дабрачыннай дзейнасці ў Мапуту далучаюцца члены Таварыства cв. Францішка Сальскага, Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, супольнасці св. Эгідзія, Кангрэгацыі Сясцёр Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і шэрагу іншых манаскіх супольнасцей.

Афіцыйная праграма візіту Святога Айца ў Мазамбік распачнецца 5 верасня 2019 г. і разлічана на тры дні, падчас якіх Папа сустрэнецца з уладамі і дыпкорпусам краіны, з моладдзю розных рэлігій і мясцовым каталіцкім епіскапатам, наведае сталічны шпіталь, узначаліць Эўхарыстыю.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 верасня 2019, 13:18