Францішак да моладзі Венесуэлы: дзяліцца евангельскай надзеяй
Папа скіраваў пасланне да ўдзельнікаў 11-й агульнанацыянальнай сустрэчы моладзі з венесуэльскага аддзялення руху “Каталіцкая акцыя”. Яна праходзіць 13-15 верасня 2019 г. у горадзе Маракайба.
Святы Айцец заахвоціў маладых венесуэльскіх католікаў перажыць дні форума ў якасці шчаслівай нагоды для супольнага дзялення, аднаўлення ўласнай веры і апостальскага запалу.
Францішак заклікаў юнакоў і дзяўчат “уключыцца ў дынаміку Касцёла, які выходзіць насустрач людзям”. Гэта дазволіць “перадаваць надзею і радасць Евангелля кожнай асобе са свайго асяроддзя, асабліва памятаючы пра найбольш патрабуючых і адрынутых грамадствам”, перакананы Папа.
“Евангелізацыйная місія з’яўляецца плёнам прывязанасці да дару веры ў Езуса Хрыста, які атрымалі праз хрост. Гэта бескарыслівы дар, якім жывём у касцёльнай супольнасці і які павінны бескарысліва абвяшчаць і раздзяляць з іншымі”, не выключаючы нікога, напісаў Святы Айцец.
14 верасня 2019, 09:38