Беларуская перакладчыца адзначана высокай папскай узнагародай
Супрацоўніца Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі доўгія гады займаецца перакладам на беларускую мову літургічных тэкстаў. У тым ліку і дзякуючы яе намаганням два гады таму выйшаў афіцыйны каталіцкі пераклад Новага Запавету на беларускую мову. “Яго мы імкнуліся рабіць паводле перакладчыцкіх прынцыпаў, якія прапануе Кангрэгацыя. Таму арыентаваліся, каб гэта быў пераклад з арыгінальных моваў, каб ён таксама адпавядаў тэалагічным нормам, нашай беларускай тэрміналогіі. Гэта было складана, але ўсё ўдалося рэалізаваць”, - падкрэсліла доктар біблійнай тэалогіі.
21 верасня 2019 г. у рамках Біблійнага сімпозіума ў Мінску адбылася прэзентацыя Новага Запавету для дзяцей і моладзі, над якім таксама працавала Марына Пашук. Розныя колеры, малюнкі, нават гумар... – гэта беларуская версія бестселера, вядомага ва ўсім свеце. Разам з тэкстам Святога Пісання, тут цікавая інфармацыя, геаграфічныя карты, каментарыі – усё, што дапаможа размаўляць з маладымі чытачамі на адной мове. “Гэта адзнака таксама ад людзей, таму што яны доўга чакалі гэтага выдання. І кніга павінна дапамагчы разумець тэкст, ажывіць яго, каб паўплываў на жыццё”,- падкрэсліла Марына Пашук.
Крыж “За паслугі перад Касцёлам і Пантыфікам” у Беларусі маюць усяго некалькі чалавек. Высокая ўзнагарода хоць і знайшла свайго чарговага героя, але для беларускай перакладчыцы гэта толькі стымул працягваць місію. Цяпер калектыў Секцыі працуе над перакладам Старога Запавету. Марына Пашук спадзяецца, што сучаснікам хутка давядзецца ўзяць у рукі і разгарнуць поўны пераклад Святога Пісання на беларускую мову.