Пошук

Крыж у памяць пра загінулых ля Берлінскай сцяны Крыж у памяць пра загінулых ля Берлінскай сцяны 

Біскупы краін ЕС да 30-годдзя падзення Берлінскай сцяны

Камісія епіскапатаў краін Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) абнародавала спецыяльнае паведамленне, прымеркаванае да 30-годдзя падзення Берлінскай сцяны.

“Гэта быў гістарычны пералом, які стаў магчымы дзякуючы ўкладу вялікай колькасці еўрапейцаў, што нястомным, але мірным чынам, рашуча дабіваліся палітычных перамен”, - гаворыцца ў камюніке, падпісаным 6 лістапада 2019 г. у Бруселі. Біскупы нагадалі, што “сцяна была сімвалам ідэалагічнага падзелу Еўропы і ўсяго свету”.

Падзенне Берлінскай сцяны адкрыла дарогу да здабыцця свабоды пасля 40-годдзя панавання рэпрэсіўнай сістэмы ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ідэалогіі, якія стаялі за ўзвядзеннем сцяны, цалкам не зніклі ў Еўропе і яшчэ сёння праяўляюцца ў розных формах.

“Некаторыя з ахвяр тагачасных рэжымаў да сённяшняга дня не могуць завяршыць працэс прымірэння. Іх рашучасць, дзейнасць і пакуты мелі вызначальнае значэнне для свабоды, якой могуць карыстацца жыхары Еўропы сёння”, - гаворыцца ў паведамленні. Каталіцкія іерархі падкрэслілі, што ўзвядзенне муроў паміж людзьмі ніколі не можа быць рашэннем праблем.

Біскупы краін Еўрасаюза заклікалі, каб у дыялогу паміж жыхарамі кантынента ўлічваўся гістарычны досвед і спадзяванне людзей на мірную будучыню. Для дасягнення гэтага, фундаментальна неабходнымі з’яўляецца культура сустрэчы і ўважлівага слухання.

Падзенне Берлінскай сцяны – аднаго з галоўных сімвалаў “халоднай вайны” другой паловы ХХ ст., адбылося 9 лістапада 1989 г.
 

07 лістапада 2019, 11:49