Францішак пра памерлага кардынала Грэка – адданы Святому Пасаду
У спецыяльнай тэлеграме Францішак выказаў свае шчырыя спачуванні Ордэну Аўгустыніянцаў, да якога належаў памерлы, і яго родным. Ён падкрэсліў “асабістае сведчанне хрысціянскага жыцця” мальтыйскага іерарха, яго “узорнае служэнне па фарміраванні новых пакаленняў святароў”, “доўгае і кампетэнтнае служэнне ў якасці выкладчыка рымскіх універсітэтаў” і “адданасць Святому Пасаду”. “Я малюся за тое, каб Пан прывітаў яго душу ў вечным Валадарстве святла і міру”, - напісаў Пантыфік.
У сваёй краіне кардынал Грэк карыстаўся вялікім аўтарытэтам і шырокай вядомасцю. Ён быў членам многіх навуковых таварыстваў Італіі і іншых краін, аўтарам шматлікіх кніг і навуковых артыкулаў. З 1984 г. быў кансультантам Кангрэгацыі Веравучэння. У 1998 г. стаў Апостальскім візітатарам італьянскіх семінарый. У 2003- 04 гадах быў членам экуменічных камісій па кантактах з праваслаўем, якія збіраліся ў Сафіі. У 2003 г. стаў членам Папскай тэалагічнай акадэміі, а праз год – Папскай біблійнай камісіі.
13 снежня 2011 г., на 37-годдзе абвяшчэння Мальты рэспублікай, прэзідэнт Джордж Абела ўзнагародзіў Грэка самай высокай узнагародай краіны – Нацыянальным ордэнам заслуг.
У знак прызнання заслуг перад Касцёлам на кансісторыі 18 лютага 2012 г. Бэнэдыкт XVI уключыў 86-гадовага законніка ў Калегію кардыналаў. Біскупскае пасвячэнне Грэка, якое адбылося за месяц да ўручэння кардынальскага берэта, стала вялікай агульнанацыянальнай падзеяй. У цырымоніі прынялі ўдзел Прэзідэнт, Прэм’ер-міністр, лідары апазіцыі і многія іншыя вядучыя палітыкі вострава.
Проспэр Грэк быў другім кардыналам у гісторыі Касцёла на Мальце – пасля Фабрыцыё Тэстаферата (1757-1843). Ён таксама быў першым кардыналам з Ордэну Аўгустыніянцаў за апошнія сто гадоў. Усяго Ордэн св. Аўгустына меў 16 кардыналаў.
Пасля смерці Грэка, Калегія кардыналаў складаецца з 223 іерархаў (69 з намінацыі Яна Паўла II, 70 – Бэнэдыкта XVI і 84 – Францішка). Сярод іх – 124 выбаршчыкі, якія маюць права ўдзельнічаць у магчымым канклаве (16 з намінацыі Яна Паўла II, 42 – Бэнэдыкта XVI і 66 – Францішка).