Пошук

Канфесіянал. Ілюстрацыйнае фота Канфесіянал. Ілюстрацыйнае фота 

Пэнітэнцыярый: спаведнікі – распарадчыкі жыцця, радасці, свабоды

Уважлівае слуханне, разважлівасць у меркаваннях і радасць – гэта тры рысы добрага святара-спаведніка, - падкрэсліў Вялікі пэнітэнцыярый, кардынал Маўра П’ячэнца.

Кіраўнік Апостальскай пэнітэнцыярыі, аднаго з трох вышэйшых трыбуналаў Каталіцкага Касцёла, накіраваў распарадчыкам сакрамэнту прымірэння адмысловы ліст з нагоды надыходзячага Божага Нараджэння.

Аўтар падкрэсліў, што падчас святаў многія вернікі прыходзяць да канфесіяналаў. Гэта таму, што, “пры належнай падрыхтоўцы”, яны знаходзяць тут жыццё, сустракаюцца з “міласэрнай любоўю Бога, Які заўсёды даруе, стварае і ўзнаўляе, адкрываючы чалавеку любоў”. Гэта таксама таму, што Божае Нараджэнне па сваёй прыродзе – “свята жыцця”.

Кардынал П’ячэнца заклікаў святароў, каб “сціплае і вернае, уважлівае і шчодрае слуханне споведзі было дамінуючым фактарам” у апошнія перадсвяточныя дні. Ён звярнуў увагу, што часам толькі адно слова, тон голасу, ускосны жэст могуць раскрыць таямніцы душы і дазволіць даць правільную параду, знайсці правільнае слова, паказаць сапраўдны шлях. І наадварот, раздражняльнасць або абыякавасць могуць блакаваць сумленне нават на многія гады. “Далікатнасці не бывае зашмат”, - дадаў аўтар ліста.

Меркаванне, агучанае падчас споведзі, павінна быць “вельмі разважлівым”, - гэта яшчэ адна парада кардынала. Ён адзначыў, што пэнітэнт не заўсёды здольны “знесці цяжар усяго, што хоча сказаць у кароткай размове са сваім духоўнікам”. Таму неабходна заахвоціць яго на шляху веры і ў барацьбе з грахом.

Спавяднік таксама павінен берагчы радасць, бо сакрамэнт прымірэння заўсёды і для кожнага “павінен быць “святам веры”, імгненнем радаснага святкавання абноўленых зносін з Богам і Касцёлам”, - нагадаў Вялікі пэнітэнцыярый.

У заключэнне ён адзначыў, што спаведнікі павінны быць “распарадчыкамі жыцця, радасці і свабоды”, бо “чалавек, які шукае выключна сябе, страціць і сябе, і жыццё”, а той, хто “забывае пра сябе, не шукае жыцця выключна для сябе, але аддае сябе без страху ў распараджэнне любові, знаходзіць Бога і сябе ў свабодзе, якую толькі вера і ласка могуць яму даць”.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 снежня 2019, 14:30