Пошук

Eucharistic congress 2020.jpg

Поўным ходам ідзе падрыхтоўка да 52-га Эўхарыстычнага кангрэса

Касцёл у Венгрыі папярэдзіць 52-ы Міжнародны эўхарыстычны кангрэс, які пройдзе тут 13-20 верасня 2020 г., агульнанацыянальнай сацыяльнай ініцыятывай, - паведаміў кардынал Пэтэр Эрдо.

Напярэдадні Кангрэса ў многіх гарадах Венгрыі бедныя будуць запрошаны раздзяліць пасілак за супольным “сталом”.

Арганізацыйная і духоўная падрыхтоўка да падзеі “ў самым разгары”, - адзначыў арцыбіскуп Будапешта ў інтэрв’ю часопісам Magyar Kurir i Gondola.

Разам са стадыёнам Ферэнца Пускаса ў Будапешце, дзе пройдуць асноўныя набажэнствы, цэнтральным месцам правядзення Кангрэса стане выставачная зона Hungexpo, дзе адбудуцца катэхезы, выставы і канцэрты.

З восені 2019 г. праходзіць рэгістрацыя ўдзельнікаў на афіцыйным сайце www.iec2020.hu. Кардынал Эрдо паведаміў, што вернікі з усяго свету кожны дзень заяўляюць аб удзеле ў важнай падзеі, мэтай якой з’яўляецца садзейнічанне і паглыбленне разумення і адарацыі Найсвяцейшай Эўхарыстыі ў Касцёле.

Толькі для ўдзелу ва ўрачыстасці Першай св. Камуніі, якая пройдзе падчас інаўгурацыі форума, ужо зарэгістравалася 3,5 тыс. асоб. Акрамя таго, ужо зроблена манстранцыя, распрацаваная венгерскім мастаком для вячэрняй эўхарыстычнай працэсіі, якая адбудзецца 19 верасня на плошчы Лаёша Касута, насупраць парламента. На наступны дзень, у нядзелю, 20 верасня, на стадыёне будзе цэлебравацца св. Імша на закрыццё Кангрэса.

Міжнародны эўхарыстычны кангрэс пройдзе ў Будапешце ў другі раз. Упершыню ў сталіцы Венгрыі ён адбыўся ў 1938 г. З 1881 г. форумы праводзяцца раз у чатыры гады ў розных месцах свету. Гаспадаром апошняга, у 2016 г., быў Себу на Філіпінах.

Кожны дзень сёлетняга форума будзе пачынацца сумеснай малітвай і медытацыяй пад кіраўніцтвам біскупаў. Згодна з дзеючай праграмай катэхезы прамовяць кардыналы: Арані Жоао Тэмпеста з Бразіліі, Джон Онаекан з Нігерыі, Цімаці Долана з ЗША і Освальд Грасіяс з Індыі. Акрамя таго, кожны дзень будуць праводзіцца св. Імшы і сустрэчы ў працоўных групах. 16 верасня мельхіцкі Патрыярх Юсіф Абсі і іерархі ўсходне-каталіцкіх Цэркваў з усяго свету будуць цэлебраваць Эўхарыстыю ў візантыйскім абрадзе.

Плануецца таксама моладзевы вечар на спартыўнай арэне Papp László (18 верасня) і дзень сям’і на Востраве Маргарыты (19 верасня), а таксама канцэрты, сярод іншых, вядомага гурту Csik Band. 15 верасня ўдзельнікі Кангрэса адправяцца спецыяльным цягніком у Эстэргом. Там, у базыліцы, пройдзе набажэнства, прымеркаванае да 750-годдзя з дня смерці заснавальніка Ордэна Паўлінаў бл. Еўзэбія Эстргомскага.

Дэвізам форума з’яўляюцца словы Псальма 87: “У табе ўсе крыніцы мае”. Перад яго пачаткам, 10-12 верасня, у Эстэргоме пройдзе міжнародная тэалагічная канферэнцыя, падчас якой будуць абмяркоўвацца розныя аспекты Эўхарыстыі як крыніцы жыцця Касцёла. У Будапешце, перад самым Кангрэсам, адбудзецца канферэнцыя на тэму дабрачыннай дзейнасці Касцёла з удзелам кіраўніка Caritas Internationalis, кардынала Антоніа Тагле.


Венгерскі Касцёл рыхтуецца да падзеі з 2017 г. Кардынал Эрдо перакананы, што яна стане магчымасцю аднавіць веру і ўмацаваць парафіяльнае жыццё. Сярод іншага, была распачата ініцыятыва па распаўсюджванні ведаў аб Эўхарыстыі ў кожнай парафіі. Паводле іерарха, так званая “Школа культу” – добрая магчымасць адкрыцца да Бога. Акрамя таго, для падрыхтоўкі да Кангрэса важная “штодзённая, жывая евангелізацыя”. “Аднак у цэлым сам факт, што Міжнародны эўхарыстычны кангрэс, вялікая касцёльная падзея, пройдзе ў Венгрыі і тое, што вера ў Бога прысутнічае ў грамадстве, умацоўвае вернікаў”, - падкрэсліў кардынал.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 студзеня 2020, 14:35