Клініка “Bambino Gesù”: свята завітала да маленькіх пацыентаў
Свята з удзелам італьянскага цыркавога калектыву “Роні Ролер” (Rony Roller Circus), прымеркаванае да Сусветнага дня хворых, які адзначаецца ў Касцёле 11 лютага, адбылося 17 студзеня 2020 г.
Праграма распачалася ранішняй св. Імшой у бальнічнай капліцы з удзелам медперсаналу ўстановы, хворых і іх родных, а таксама ўсіх удзельнікаў святочнага мерапрыемства. Літургію цэлебравалі кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, і мансеньёр Бруно Мары Дзюфэ, сакратар Дыкастэрыі.
Пасля сумеснай малітвы артысты, клоўны і фокуснікі паказалі маленькім пацыентам два прадстаўленні, пасля чаго наведалі непасрэдна ў палатах цяжкахворых дзяцей, прыкаваных да сваіх ложкаў.
“Падарыць маленькаму пацыенту радасны ўспамін, звязаны з далікатным момантам яго жыцця, – значыць палегчыць цяжар яго болю і болю бацькоў, якія яго суправаджаюць, а таксама – чаму не? – падбадзёрыць медыкаў, даючы ім крыху радасці, каб жывіць надзвычайную місію, якую яны штодня выконваюць на карысць іншых”, - падзяліўся сваімі думкамі кардынал Тарксан.
У сваю чаргу, дырэктар бальніцы “Дзіцятка Езуса” Марыэла Энок выказала падзяку ўсім артыстам, якія прынялі ўдзел у свяце, і пераканаўча заўважыла, што “захапленне і радасць ад выступлення клоўна ці акрабата – гэта адзін з найбольш эфектыўных інструментаў, які можа дамагчы дзецям усміхнуцца”.