20022014_114050_TravelingTips_forElderlyPeople1.jpg

Старэнне грамадства і дыялог пакаленняў – тэмы форуму ў Ватыкане

Першы сусветны кангрэс, прысвечаны душпастырскай апецы над пажылымі, пройдзе з 29 па 31 студзеня 2020 г. У Ватыкане збяруцца асобы, якія займаюцца гэтай тэмай у структурах Касцёла ва ўсім свеце.

Форум пад назвай “Багацце даўгалецця” з’яўляецца адказам на выклікі старэння грамадства і дыялогу паміж пакаленнямі, пра якія часта гаворыць Францішак.

“Кожны, хто працуе ў парафіях, асабліва ў развітых краінах, ведае, наколькі адзінокае жыццё вядуць пажылыя. Францішак называе “культурай адчужэння” сітуацыі, калі старых маргіналізуюць па прычыне меркаванай неэфектыўнасці. Гэта, на жаль, бывае і ў нашых парафіях і дыяцэзіях. Яны адчуваюць сябе выключанымі са сваіх сем’яў, грамадства, але, на жаль, і з Касцёла”, - заўважыў кардынал Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, арганізатар сустрэчы.

Іерарх лічыць, што ў “кожнай парафіі павінна быць праграма клопату і падтрымкі пажылых людзей”. “У наш час абліччам Касцёла з’яўляецца моладзь. Гэта добра, але варта памятаць пра пажылых, якія дзесяцігоддзямі жывуць у каталіцкіх супольнасцях, якім ёсць што прапанаваць! Мы павінны зрабіць іх адказнымі за Касцёл. Не ў якасці тых, хто кіруе і прымае рашэнні, а тых, хто можа паказаць шлях да разумення сэнсу жыцця ў рэчаіснасці сучаснага свету. Касцёлу надзвычай важна скарыстацца шматгадовым досведам, які маюць людзі сталага ўзросту”, - адзначыў кардынал Фарэл.

Мэта Першага сусветнага кангрэса душпастырства пажылых людзей у стварэнні магчымасці знаёмства і наладжвання супрацоўніцтва паміж тымі, хто адказвае за такія пытанні ў розных супольнасцях і структурах Касцёла.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 студзеня 2020, 13:12