Пошук

mons. josé luis Mumbiela obispo de santisima trinidad en almaty kazakistan.jpg

У Казахстане створана Рада Традыцыйных Хрысціянскіх Цэркваў

Тры “гістарычныя” хрысціянскія супольнасці ў Казахстане – каталіцкая, праваслаўная і лютэранская, – заснавалі Раду Традыцыйных Хрысціянскіх Цэркваў, - паведаміла агенцтва “Fides”.

Старшыня казахстанскага епіскапату, біскуп дыяцэзіі Святой Тройцы ў Алматы, іспанец Хасэ Луіс Мамбіела Сьера адзначыў, што стварэнню новай міжхрысціянскай арганізацыі паспрыяў у свой час яго зямляк, былы Апостальскі нунцый у Казахстане, арцыбіскуп Мігель Маўры Буэндыя. Іерарх выказаў задавальненне стварэннем Рады, называючы яе “вялікім знакам еднасці”.

Заснавальнікі абвясцілі публічна аб заснаванні новага аб’яднання 13 студзеня 2020 г., а 25 студзеня арганізавалі першую сумесную падзею – экуменічнае набажэнства, на якое былі запрошаны таксама вернікі іншых пратэстанцкіх супольнасцей.

Хрысціянства прысутнічае на землях сённяшняга Казахстана з ІІ стагоддзя, калі тут з’явіліся рымскія салдаты, паслядоўнікі Хрыста, якія трапілі ў палон Персіі. У IV стагоддзі тут ужо існавала біскупства. У ХІІІ стагоддзі францішканін Гільём дэ Рубрук хрысціў мясцовага князя Сартака, і гэты факт можна лічыць пачаткам евангелізацыі Казахстана. Папа Мікалай III нават стварыў Кіпчакскую дыяцэзію. Пазней, з прыходам на гэтыя землі ісламу, вера Хрыста на працягу многіх стагоддзяў амаль цалкам знікла і пачала павольна вяртацца туды толькі ў ХІХ стагоддзі з ссыльнымі палякамі, літоўцамі, немцамі і іншымі народамі Расіі.

Парадаксальна, але адраджэнне Касцёла на гэтай зямлі было выклікана жорсткімі сталінскімі чысткамі 1930-х гадоў. У выніку шмат духавенства і вернікаў апынуліся ў лагерах, размешчаных на велізарнай тэрыторыі Казахстана.

Пасля развалу СССР, 13 красавіка 1991 г. Ян Павел II стварыў Апостальскую адміністратуру Казахстана і Сярэдняй Азіі з цэнтрам у Карагандзе. 7 ліпеня 1999 г. ён заснаваў дыяцэзіі ў Астане, Карагандзе і Алматы і Апостальскую адміністратуру Атырау. У маі 2003 г. у Казахстане былі створаны: касцёльная правінцыя і Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў.

Важнымі падзеямі ў жыцці Касцёла ў Казахстане былі: устанаўленне дыпламатычных адносін са Святым Пасадам 17 кастрычніка 1992 г. і візіт св. Яна Паўла II 22-25 верасня 2001 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 студзеня 2020, 12:22