Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Блізкі Усход: першыя дні каталіцкай моладзі пройдуць у Іарданіі

Першыя каталіцкія Дні моладзі Блізкага Усходу пройдуць у Іарданіі. Такое рашэнне прынялі ўдзельнікі 70-й генеральнай сесіі Канферэнцыі Лацінскіх Біскупаў на Блізкім Усходзе (CELRA).

Пасяджэнне прайшло 17-20 лютага 2020 г. у Рыме. На ім старшынстваваў Апостальскі адміністратар лацінскага Іерусалімскага Патрыярхату, арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала.

Правядзеннем Дзён моладзі біскупы жадаюць умацаваць прывязанасць маладых католікаў з Блізкага Усходу да роднай зямлі, стымуляваць іх да больш актыўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла і грамадства, каб зменшыць хвалю міграцыі.

Гасцямі пасяджэння епіскапату Блізкага Усходу былі ватыканскія іерархі, сярод якіх прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства, кардынал Бэньяміна Стэла, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот, падсакратар Дыкастэрыі па спрыянні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Майкл Чэрны, Генеральны сакратар Сінода Біскупа, кардынал Ларэнца Балдзісэры, а таксама Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. 18 лютага ўдзельнікі нарады прынялі ўдзел у ранішняй св. Імшы з папам Францішкам у ватыканскім Доме св. Марты.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 лютага 2020, 14:16