Пошук

panama-pope-wyd-vigil-mass-1548609841790.jpg

Касцёл рыхтуецца да наступных Сусветных дзён моладзі

Кс. Жуан Шагас з Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, думае, што Сусветныя дні моладзі 2022 г. у Лісабоне стануць грандыёзнай падзеяй. Ён чакае больш маштабнага форуму, чым у Панаме.

Святар прызнаў, што на гэта могуць паўплываць: размяшчэнне сталіцы Партугаліі, яе добрая сувязь у плане транспарту з іншымі месцамі Еўропы і свету, паслядоўны рост папулярнасць гэтага горада сярод замежнікаў.

“Жыхары Лісабона натуральна адкрытыя для іншых, у той час як горад усё часцей прыцягвае замежнікаў, галоўным чынам моладзь. Сёння Лісабон з’яўляецца адным з лепшых гарадоў па якасці жыцця”, - сказаў святар, які сам паходзіць з Партугаліі.

Тым часам у Панаме, праз год пасля завяршэння моладзевага форуму, падводзяць яго вынікі. Там пачаліся спецыяльныя ўрачыстасці з нагоды першай гадавіны Сусветных дзён.

Як адзначыў арцыбіскуп Панамы Хасэ Улоа Мэндзіета, душпастырства моладзі ў краіне пачало сапраўднае аднаўленне. На парафіяльным узроўні былі створаны экалагічныя групы, нарадзіўся рух моладзі, зацікаўленай у вывучэнні сацыяльнага вучэння Касцёла. Акрамя душпастырскіх вынікаў, леташняя сустрэча ўмацавала жыхароў Панамы і іх ідэнтычнасць. Гэтаму паспрыялі словы Францішка, які назваў панамскі народ “высакароднай нацыяй”.

Як патлумачылі падчас адмысловай прэс-канферэнцыі, выдаткі на арганізацыю мерапрыемства склалі каля 20,7 млн долараў ЗША. Звыш 70% пакрыў абанемент зарэгістраваных удзельнікаў, 30% – гэта ўклад спонсараў і дабрачынцаў.

Трохдзённыя ўрачыстасці “Celebremos 2020”, якія пройдуць на ўзбярэжжы Сінта-Костэра, дзе год таму адбываліся сустрэчы Папы з моладдзю, уключаць у сябе малітоўную і спартыўную часткі. Завяршэннем урачыстасцей стане старт трыенале, прысвечанага пакліканню.

У мінулагодніх ХХХIV Сусветных днях моладзі ўзялі ўдзел больш за 700 тыс. чалавек.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 лютага 2020, 12:16