Пошук

coptic 3.jpg

Каталіцка-праваслаўная змешаная камісія: дыскусія аб сакрамэнтах

Удзельнікі 17-га пасяджэння Міжнароднай змешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі абмеркавалі асноўныя элементы тэалогіі сакрамэнтаў.

Акрамя католікаў, у працы гэтага аб’яднання ўдзельнічалі прадстаўнікі сірыйскай, армянскай – абодвух каталікасатаў: эчміадзінскага і кілікійскага, – копцкай і эфіопскай Цэркваў. Гэта так званыя Старажытныя Цэрквы Усходу, якія таксама называюць нехалкідонскімі і дахалкідонскімі, таму што яны не прынялі вучэнне Халкідонскага Сабора ў 451 г.

Камісія сустракалася з 26 студзеня па 1 лютага 2020 г. пад Бейрутам, у Ліване. Яе працай кіравалі сумесна: кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і копцкі епіскап з Лос-Анджэлеса ў ЗША Кірыл.

У справаздачы падкрэсліваецца: “ва ўсіх нашых традыцыях прынята, што сем сакрамэнтаў (хрост, канфірмацыя, Эўхарыстыя, пакаянне, пасвячэнне, сужэнства, намашчэнне хворых) былі здзейсненыя Хрыстом, вызначаныя апосталамі, захаваныя і перададзеныя Святымі Айцамі, аддана практыкаваныя ў Касцёле, і што сярод гэтых сямі “Эўхарыстыя разумеецца як сакрамэнт сакрамэнтаў”. Падчас сесіі былі абмеркаваны розныя аспекты сакрамэнтальнай дысцыпліны, у тым ліку, хто цэлебруе сакрамэнты, хто можа іх прымаць, а таксама кананічныя пытанні, звязаныя з сужэнствам.

Наступнае пасяджэнне Камісіі запланавана на 25-29 студзеня 2021 г. у Рыме, і яго асноўнай тэмай стане: “Маці Божая ў вучэнні і жыцці Касцёла”.

Камісія была створана ў 2003 г. Да гэтага часу яна апублікавала два дакументы: “Прырода, лад і місія Касцёла” (2009 г.) і “Служэнне еднасці ў жыцці першага Касцёла і наступствы для нашага сённяшняга пошуку адзінства” (2015 г.).

Навіна ў фармаце аўдыё
04 лютага 2020, 12:09