Пошук

costa ok.jpg

Пасланне Пантыфіка на Юбілейны год у Коста-Рыцы

У Юбілейны год, прысвечаны стагоддзю касцёльнай правінцыі ў Коста-Рыцы, Францішак заклікаў мясцовы Касцёл да нястомнай евангелізацыі.

Папа духоўна далучыўся да адкрыцця Юбілейнага года. Гэта падкрэсліваецца ў спецыяльным лісце, падпісаным кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, у якім ён вітае духавенства і свецкіх вернікаў, што ўдзельнічалі ў мінулую нядзелю, 16 лютага 2020 г., ва ўрачыстым распачацці святкавання стагоддзя стварэння касцёльнай правінцыі. Святы Айцец дзякуе Богу “за ўсе плёны, атрыманыя за гэтыя 100 гадоў, у місіі суправаджэння, асвячэння і заахвочвання ўсіх сыноў і дачок гэтага народа”.

“Яго Святасць - гаворыцца ў лісце - заклікае вас, у дзень, калі пачынаеце Юбілейны год і адзначаеце настолькі важную падзею, не забывацца пра міласэрную любоў Пана нашага Езуса Хрыста, з якой выцякаюць уся праўда, дабро і прыгажосць, каб свецкія і кансэкраваныя асобы нястомна працягвалі сваю евангелізацыйную дзейнасць, несучы ўсім радасць Евангелля, у першую чаргу самым патрабуючым і самым далёкім, даючы сапраўднае сведчанне хрысціянскага жыцця ў розных колах грамадства”.

Ліст Папы завяршаецца просьбай аб заступніцтве Маці Божай з Лос-Анджэлеса, апякункі Коста-Рыкі, і яго апостальскім благаслаўленнем.

Юбілейны год, зацверджаны Апостальскай пэнітэнцыярыяй, будзе праходзіць з 16 лютага 2020 г. па 16 лютага 2021 г. У 1921 г. Бэнэдыкт XV заснаваў касцёльную правінцыю ў Коста-Рыцы, у якую ўвайшлі дыяцэзія Сан-Хасэ, як цэнтр мітраполіі, і дыяцэзіі Лімон і Алахуэла. Менавіта катэдральныя касцёлы гэтых трох дыяцэзій будуць месцам, дзе вернікі змогуць атрымаць поўны адпуст.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 лютага 2020, 12:47