Пошук

tridentAEM.jpg

Змены ў перадсаборнай літургіі: сем новых прэфацый

Святары, якія цэлебруюць літургію ў надзвычайнай форме рымскага абраду, атрымалі магчымасць выкарыстоўваць сем новых эўхарыстычных прэфацый.

Аб гэтым гаворыцца ў першым з двух дэкрэтаў Кангрэгацыі Веравучэння, апублікаваных 25 сакавіка 2020 г. Другім устанаўліваюцца правілы ўспаміну святых, кананізаваных пасля 1960 г.

Як адзначаецца, два дакументы з’яўляюцца вынікам даследаванняў, праведзеных у адпаведнасці з намерам Бэнэдыкта XVI, які, прапануючы ўсяму Касцёлу перадсаборную літургію, хацеў, каб абедзве формы рымскага абраду ўзаемна ўзбагачаліся. Варта адзначыць, што выкарыстанне новых прэфацый і ўвядзенне літургічных успамінаў новых святых носіць факультатыўны характар і залежыць ад выбару душпастыра.

Чатыры новыя прэфацыі паўсталі ў рамках паслясаборнай літургічнай рэформы, але з выкарыстаннем старажытных крыніц. Яны прысвечаны анёлам, св. Яну Хрысціцелю, мучанікам і сужонкам. Яшчэ тры выкарыстоўваліся перад Другім Ватыканскім Саборам мясцовымі Касцёламі Францыі і Бельгіі. З гэтага часу прэфацыі: аб усіх святых і святых апекунах; аб Найсвяцейшым Сакрамэнце; аб кансэкрацыі касцёла, могуць ужывацца ва ўсім Касцёле.

Што датычыцца літургічных успамінаў, то няма рашэння аб уключэнні новых святых у перадсаборны літургічны каляндар. Лепшым палічылі фармуляванне агульных прынцыпаў, на падставе якіх можа адбывацца іх успамін у надзвычайнай форме рымскага абраду.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 сакавіка 2020, 12:31