Цярновы вянок вернецца ў Вялікую пятніцу ў Нотр-Дам
Адарацыя рэліквіі Цярновага вянка пройдзе ў Вялікую пятніцу за зачыненымі дзвярыма бызылікі Нотр-Дам у Парыжы. Арцыбіскупа Мішэля Опэці будуць суправаджаць толькі некалькі чалавек.
15 красавіка 2020 г. споўніцца год з часу пажару ў саборы. Рэліквія, якая захоўвалася ў скарбніцы храма, была выратавана з агню і зараз знаходзіцца ў Луўры. 10 красавіка 2020 г. яе перанясуць у Нотр-Дам. Набажэнства пройдзе ля падножжа П’еты і круцыфікса, якія перажылі пажар і сталі красамоўнымі сімваламі выратавання касцёла.
“Не Бог стварыў хваробу, не Ён выклікаў пажар, не Ён павесіў свайго Сына на крыжы. Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых!”, - адзначыў арцыбіскуп Опэці, каментуючы падзею.
Акрамя духавенства, у Нотр-Дам будуць прысутнічаць скрыпач і два акцёры, якія выканаюць фрагменты велікапосных твораў, прысвечаных Парыжскаму сабору.
09 красавіка 2020, 13:36