or060619_2.jpg

Іерархі краін ЕС: падчас пандэміі адкрыць братэрства па-новаму

Каталіцкія, праваслаўныя і пратэстанцкія іерархі заклікаюць да прыхільнасці еўрапейскім каштоўнасцям салідарнасці і еднасці. Сумесная заява была абнародавана 2 красавіка 2020 г. у Бруселі.

Каталіцкая Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) і Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэркваў (KEK), якая аб’ядноўвае Праваслаўныя і Рэфармацкія Цэрквы, лічаць, што “прыйшоў час прадэманстраваць сумесную прыхільнасць еўрапейскаму праекту”.

Яны адзначылі, што цяперашні крызіс выпрабоўвае кожнага чалавека, сям’ю і супольнасць, выяўляе слабыя месцы палітыкі, эканомікі і грамадства. Але “гэтыя цяжкія часы таксама дазваляюць нам па-новаму адкрыць для сябе чалавечыя якасці: што мы ўсе – браты і сёстры”. “Давайце паспрабуем паглядзець на гэты момант выпрабаванняў як на час ласкі і надзеі”, - звярнуліся іерархі.

“Мы молімся за ўсіх, хто пакутуе ад гэтага крызісу, асабліва за хворых, пажылых, бедных, выкінутых на ўзбочыну грамадства і дзяцей у няўстойлівых сямейных адносінах”, - гаворыцца ў дакуменце.

Гучыць заклік, не паддавацца страху і нацыяналізму. Надышоў час міжнароднага супрацоўніцтва, у якім канкрэтнымі мерамі салідарнасці могуць стаць, напрыклад, падзел цяжару па догляду за пацыентамі, абмен медыцынскімі матэрыяламі і метадамі, якія дапамагаюць палегчыць сацыяльныя, эканамічныя і фінансавыя цяжкасці, а таксама падтрымка слабейшых сістэм аховы здароўя ў бедных рэгіёнах свету, - лічаць іерархі краін Еўрасаюза.

04 красавіка 2020, 13:08