Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Касцёл яднаецца ў малітве за католікаў у Кітаі

Набліжаецца Дзень малітвы ў інтэнцыі Каталіцкага Касцёла ў Кітаі. Ён праходзіць штогадова на знак салідарнасці ўсіх католікаў свету са сваімі братамі ў веры з гэтай азіяцкай краіны.

Дзень малітвы за Касцёл у Кітаі быў устаноўлены ў 2007 г. Бэнэдыктам XVI. Ён адзначаецца 24 мая – у літургічны ўспамін Маці Божай Успамогі хрысціянаў. Менавіта пад такім тытулам Багародзіца ўшаноўваецца ў галоўным кітайскім санктуарыі, што знаходзіцца ў горадзе Шэшан, недалёка ад Шанхая.

На працягу апошніх гадоў развіццё адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Кітайскай Народнай Рэспублікай атрымала новы імпульс. Важнай падзеяй на гэтым шляху стала падпісанне 22 верасня 2018 г. часовага пагаднення аб прызначэнні біскупаў. Дамова стала плёнам працяглага дыялогу паміж Святым Пасадам і ўладамі Кітая, які распачаў яшчэ Ян Павел ІІ і падтрымаў Бэнэдыкт XVI.

Варта заўважыў, што ў кастрычніку 2018 г. кітайскія біскупы ўпершыню бралі ўдзел у Сінодзе Біскупаў, што праходзіў у Ватыкане і быў прысвечаны моладзі. У жніўні 2019 г. паводле папскага мандату атрымалі сакру два новыя кітайскія біскупы.

Падчас пандэміі каронавіруса Апостальская Сталіца і Кітай абмяняліся жэстамі падтрымкі і салідарнасці. На пачатку лютага 2020 г. Святы Пасад накіраваў у азіяцкую краіну каля 700 тыс. масак для прадухілення распаўсюджвання інфекцыі, а на пачатку красавіка ў Ватыкан былі дастаўлены медыцынскія сродкі для барацьбы з пандэміяй з Кітаю.
 

23 мая 2020, 14:56