Пошук

2020.06.18 Benedetto XVI con il fratello Georg Ratzinger 2020.06.18 Benedetto XVI con il fratello Georg Ratzinger  

Біёграф Бэнэдыкта XVI пра яго вяртанне на Радзіму

Пэтэр Зеевальд бачыць у сустрэчы Папы-эмерыта з сваім хворым братам адлюстраванне яго сапраўднай натуры. Ён адзначыў, што візіт быў выразам добрых адносін Бэнэдыкта XVI і Францішка.

“Ратцынгер – гэта не халодны інтэлектуал або жорсткі князь Касцёла, але эмацыйны і сардэчны чалавек”, - заявіў журналіст у інтэрв’ю нямецкаму “Passauer Neue Presse”. На яго думку, візіт быў выразам “глыбока жывой чалавечай веры, і таму стаў настолькі кранальным”.

“Калі падумаць, колькі людзей памерлі з прычыны каронавіруса ў адзіноце, у гэтым кантэксце можна пажадаць усім такога прыкладу школы братоў Ратцынгераў”

, - сказаў Зеевальд.

18 чэрвеня 2020 г. 93-гадовы Бэнэдыкт XVI упершыню пасля адстаўкі ў 2013 г. выехаў у Германію, каб наведаць у Рэгенсбургу свайго цяжка хворага брата, кс. Георга Ратцынгера. У панядзелак, 22 чэрвеня, ён вярнуўся ў Рым. У аэрапорце Мюнхена з ім развітваліся, між іншым, Прэм’ер-міністр Баварыі Маркус Зёдэр і кіраўнік канцылярыі прэм’ера Флорыян Герман.

Па словах біёграфа, той факт, што вышэйшы палітык зямлі развітваўся з Бэнэдыктам XVI, прадэманстраваў гістарычны статус Баварыі, адкуль паходзіць першы немец на Пасадзе св. Пятра пасля пяцісот гадоў. Зёдэр падзякаваў яму за чалавечнасць, якую засведчыў, наведваючы хворага брата.

Зеевальд адзначыў, што візіт быў выразам добрых адносін Папы-эмерыта і дзеючага Пантыфіка. “Папа застаецца Папам. Не можа быць папскага ценю або нават антыпапы. Ратцынгер ніколі не выконваў “шпагатаў” у адносінах да свайго пераемніка, як пастаянна крычаць крытыкі, наадварот, ён заўсёды педантычна асцерагаўся, каб не замінаць яму”, - заўважыў біёграф.

На пытанне, ці прыедзе Бэнэдыкт XVI на пахаванне ў выпадку смерці брата, Зеевальд адказаў: “З Ёзафам Ратцынгерам, які заўсёды рабіў рэчы, што ніхто раней не адважыўся рабіць, нечаканасцей ніколі нельга выключаць”.

У маі 2020 г. Пэтэр Зеевальд выдаў шырокую, на 1184 старонкі, біяграфію Папы-эмерыта пад назвай “Бэнэдыкт XVI – адно жыццё”. Раней нямецкі журналіст зрабіў з ім некалькі кніг-інтэрв’ю, якія сталі сусветнымі бестселерамі.

23 чэрвеня 2020, 12:44