Еўрапейскія біскупы пра Касцёл падчас і пасля каронавіруса
3 чэрвеня 2020 г. прайшло штогадовае сумеснае пасяджэнне кіраўніцтва Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) і Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE).
Іерархі прааналізавалі ўплыў пандэміі на грамадзянскую і касцёльную супольнасці кантынента і вызначылі магчымасці супрацоўніцтва. Яны чарговы раз выказалі блізкасць Касцёла да ўсіх, хто змагаецца з пандэміяй і знаходзіцца на перадавой, дапамагаючы пацярпелым. Біскупаў непакоіць “эканамічны крызіс і страта вялікай колькасцю людзей працоўных месцаў”. Яны спадзяюцца, што ў Еўропе ўсе разам будуць працаваць на карысць аднаўлення, не пакідаючы без увагі нікога.
Была падкрэслена асаблівая роля сям’і ў крызісны перыяд. Гэта “сапраўдная ячэйка салідарнасці і абмену, але таксама месца агульнай малітвы”. “Інвестыцыі ў сям’ю – гэта першы крок да сумленнага сацыяльнага, эканамічнага і касцёльнага аднаўлення”, - заявіў прэзідыум CCEE і COMECE.
Удзельнікі сустрэчы падзякавалі шматлікім святарам за іх ключавое і шчодрае служэнне ў гэты перыяд і нагадалі, што некаторыя з іх ахвяравалі сваім жыццём. Біскупы прааналізавалі ролю сацыяльных медыя і прамых трансляцый набажэнстваў.
“Новыя формы рэлігійнай практыкі, стварэння адносін, прысутнасці і абмену верай заклікаюць нас не толькі даць ацэнку магчымасці надання новага сэнсу веры і Касцёлу, але і працаваць над тым, каб шматлікія вернікі адкрылі для сябе элемент поўнай сакрамэнтальнасці рэлігійных цэлебрацый у месцах культу, чаго не можа даць выкарыстанне новых тэхналогій”, - гаворыцца ў камюніке.
Пасяджэнне Рады і Камісіі епіскапатаў, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, прайшло ў форме відэаканферэнцыі.