Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Фонд, заснаваны Папам, папаўняецца сродкамі для дапамогі бедным

Фонд “Gesù Divino Lavoratore” (Езус Боскі Работнік), заснаваны Папам 9 чэрвеня 2020 г. для падтрымкі пацярпелых ад пандэміі, атрымаў моцную фінансавую дапамогу.

Пасля абвяшчэння аб стварэнні структуры, на яе рахунак былі пераведзены ахвяраванні ў памеры 1 мільёна еўра ад адміністрацыйных органаў рэгіёна Лацыё і горада Рыма. Яшчэ 1 мільён еўра ахвяраваў Святы Айцец.

Сродкі знаходзяцца ў распараджэнні “Caritas” Рымскай дыяцэзіі. Іх выкарыстаюць для падтрымкі людзей без стабільных даходаў і занятых у сектарах эканомікі, якія найбольш пацярпелі ад пандэміі: кантрактнікаў, самазанятых, стажораў, хатніх работнікаў, дробных прадпрымальнікаў. Многія з іх засталіся без дапамогі з боку дзяржавы і чакаюць падтрымкі, каб вярнуцца да нармальнага жыцця.

Дырэктар рымскай “Caritas”, кс. Бэноні Амбарус распавёў Vatican News, што з пачатку пандэміі дапамогу атрымалі больш за 7 тыс. сем’яў. Гаворка ідзе галоўным чынам пра жыхароў Рыма, якія ўпершыню ў жыцці вымушаны звяртацца да дабрачынных арганізацый, бо засталіся без сродкаў для набыцця самага неабходнага.

Святар звярнуў увагу на цяжкасці, з якімі ў перыяд пандэміі сутыкнуліся работнікі гасцінічнага і рэстараннага бізнесу ў Рыме. Ён заўважыў, што цяпер настаў час, каб “перастаць дзяліцца крыхой” і прапанаваць людзям больш грунтоўную падтрымку. Менавіта гэту задачу закліканы вырашыць Фонд, заснаваны Святым Айцом.
 

11 чэрвеня 2020, 13:22