Пошук

Кардынал Джордж Пэл Кардынал Джордж Пэл 

Кардынал Пэл пра выратавальную сілу пакут падчас зняволення

Маё знаходжанне ў турме ўзмацніла маю хрысціянскую веру ў выратавальную сілу пакут, - прызнаўся кардынал Джордж Пэл у адным з сваіх першых публічных выступаў пасля вызвалення.

Былы арцыбіскуп Сіднэя прыняў удзел у рэкалекцыях для Аўстралійскай каталіцкай асацыяцыі студэнтаў. Ён распавёў пра сэнс пакут і важнасць трываласці веры падчас жорсткага выпрабавання.

Іерарх правёў у турме 13 месяцаў па фальшывым абвінавачанні ў злоўжываннях адносна непаўналетніх. 7 красавіка 2020 г. ён быў апраўданы аднагалосным рашэннем Вярхоўнага суда Аўстраліі.

Кардынал прызнаў, што гэта быў складаны і непрыемны досвед, калі вера адыграла вырашальную ролю. У турме ён пераканаўся, што пасланне аб адкупленчай сіле пакут спраўджваецца на практыцы.

“Не ў тым сэнсе, што дзякуючы гэтаму я быў апраўданы, але таму, што хрысціянскае вучэнне дазволіла мне выжыць”

, - растлумачыў іерарх.

Ён дадаў, што былі і іншыя натуральныя фактары, якія дапамагалі яму падчас зняволення. Яны могуць быць карыснымі для ўсіх, каму давядзецца сутыкнуцца з пакутамі, жалобай ці балючай стратай. У такіх сітуацыях важныя фізічныя практыкаванні, пазбяганне вялікай колькасці алкаголю, здаровае і рэгулярнае харчаванне, дастатковая колькасць гадзін сну, уставанне кожны дзень у адзін і той жа час.

Кардынал Пэл прызнаўся моладзі, што гэтая руціна дапамагала яму ў турме. Ён парэкамендаваў удзельнікам рэкалекцый навучыцца простым правілам, каб лягчэй было супрацьстаяць складаным жыццёвым выпрабаванням.

19 чэрвеня 2020, 12:12