Пошук

02502_17092019.jpg

Прадмова праваслаўнага Патрыярха да “Слоўніка папы Францішка”

Патрыярх Канстантынопальскі напісаў прадмову да кнігі: “Слоўнік папы Францішка”, аўтарамі якой выступілі Джошуа Дж. Макэлві і Сіндзі Вудэн.

“Словы могуць выражаць і апісваць чалавечыя пачуцці, але яны ніколі не могуць у поўнай меры расказаць ці правільна вызначыць душу чалавека”, - напісаў Барталамей І. Ён узгадаў шмат сустрэч з Францішкам, падчас якіх яны разам маглі адчуць святасць слоў.

“І варта памятаць, што словы маюць сілу будаваць масты, але і сцены. Таму мы сумесна шукалі, як працягваць дыялог любові і праўды”

, - падкрэсліў Патрыярх.

Барталамей І прызнаўся, што яго не перастаюць здзіўляць унікальныя цноты, якія вызначаюць пасланне і сведчанне Францішка. Гэта: годнасць і справядлівасць, міласэрнасць і надзея і, перш за ўсё, любоў і радасць.

Іншы іерарх, які напісаў прадмову да кнігі, кардынал Шон О’Мэлі звярнуў увагу на адзінства езуіцкіх і францішканскіх рыс у асобе цяперашняга Пантыфіка.

“Наш Папа цалкам езуіт, ігнацыянскі ў поўным сэнсе гэтага слова, і зачараваны св. Францішкам”

, - напісаў Мітрапаліт Бостанкі.

Амерыканскі іерарх таксама адзначыў станоўчасць паслання Папы. Каталіцызм Францішка – гэта не спіс забаронаў, а прывілей таго, што станоўчае, што яднае, а не дзеліць.

“Пачынаючы з духоўнай рэфлексіі над тым, што ўсе нашы дары і таленты паходзяць ад Бога, Святы Айцец даў нам слоўнік, у якім яны праяўляюцца: увага, клопат, інклюзіўнасць і служэнне. З Божай дапамогай і ўзаемнай падтрымкай мы можам прыняць гэтае вучэнне да сэрца і ісці па шляху місіянераў Хрыста”, - напісаў у прадмове да кнігі: “Слоўнік папы Францішка” кардынала Шон О’Мэлі.

18 чэрвеня 2020, 11:29