Пошук

globe-2254751_1920aem.jpg

Сумесныя прапановы біскупаў Еўрапейскага і Афрыканскага саюзаў

Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрасаюза і Сімпозіум Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара распрацавалі праграму сумеснага ўкладу ў партнёрства еўрапейскіх і афрыканскіх дзяржаў.

Ініцыятыва прымеркавана да VI Саміту палітычных лідараў Еўрапейскага і Афрыканскага саюзаў, запланаванага на кастрычнік 2020 г.

Кіраўнікі касцёльных аб’яднанняў COMECE і SECAM, кардыналы Жан-Клод Олерыш і Філіп Накелентуба Уэдраога, падзяляюць занепакоенасць многіх людзей, сем’яў і грамадства, асабліва тых, хто на абодвух кантынентах знаходзіцца ў сітуацыі галечы і ўразлівасці.

У сумесным дакуменце гучыць заклік да еўрапейскіх і афрыканскіх палітыкаў засноўваць працу на прынцыпах чалавечай годнасці, адказнасці і салідарнасці, звяртаць увагу на патрэбы бедных, клапаціцца пра стварэнне і імкнуцца да агульнага дабра.

“Мы цвёрда перакананыя, што Афрыка і Еўропа разам маглі б стаць рухаючай сілай адраджэння шматбаковага супрацоўніцтва”

, - заявілі каталіцкія іерархі ў прадмове да дакумента.

Са свайго боку кардынал Олерыш нагадаў аб агульных каранях і геаграфічнай блізкасці двух кантынентаў, падкрэсліваючы, што Еўропа закліканая “дзяліцца мірам і росквітам са сваімі суседзямі”.

Дакумент пад назвай “У дні Ягоныя закрасуе справядлівасць і вялікі спакой” (Пс 71) змяшчае шэраг канкрэтных палітычных прапаноў, накіраваных на ператварэнне міжкантынентальных палітычных і эканамічных адносін у справядлівае і адказнае партнёрства, арыентаванае на карысць людзей. Біскупы краін Еўрапейскага і Афрыканскага саюзаў падкрэсліваюць важнасць супрацоўніцтва дзеля цэласнага чалавечага развіцця, комплекснай экалогіі, бяспекі чалавека і свету.

11 чэрвеня 2020, 12:22