Пошук

Статуя св. Пятра ў ватыканскай базыліцы. Ілюстрацыйнае фота Статуя св. Пятра ў ватыканскай базыліцы. Ілюстрацыйнае фота 

150 гадоў дагматам аб першынстве і беспамылковасці Папы

18 ліпеня 2020 г. споўнілася 150 гадоў з дня абвяшчэння дагматаў аб першынстве Пантыфіка над Паўсюдным Касцёлам і аб беспамылковасці вучэння Папы, калі яно абвешчана ex cathedra.

Яны былі адобраны Першым Ватыканскім Саборам і замацаваны ў дагматычнай канстытуцыі Pastor Aeternus, прынятай большасцю Айцоў Сабора – “за” прагаласавалі 535 з іх, 83 устрымаліся.

У дакуменце сцвярджаецца, што апостал Пётр і яго пераемнікі з’яўляюцца “сталым пачаткам і бачнай падставай” еднасці Касцёла. Першынства Папы ўключае ў сябе вяршэнства вучэння, якім надзелены Пётр і яго пераемнікі “дзеля збаўлення ўсіх”.

Дагмат аб беспамылковасці азначае, што, калі Папа выказваецца як кіраўнік Касцёла па пытаннях веравучэння і маралі, ён не можа памыліцца.

Беспамылковасць – гэта перш за ўсё дар, выключны прывілей, дадзены самім Хрыстом свайму Касцёлу. Ёй асаблівым чынам надзелены бачны галава Касцёла – Пантыфік, калі ён сам выказваецца ex cathedra або калі выказваецца разам з калегіяй біскупаў, – як на Саборы, так і разам з біскупамі, рассеянымі па ўсёй зямлі, калі яны прыходзяць да якога-небудзь рашэння па канчатковым вызначэнні дактрыны.

Вучэнне, выказанае ex cathedra, не можа быць зменена, паколькі яго абавязковы характар не залежыць ад прыняцця з боку членаў Касцёла.

У 1993 г. св. Ян Павел II так тлумачыў сэнс і межы беспамылковасці Папы: “беспамылковасць дадзена Пантыфіку не як прыватнай асобе, але ў той меры, у якой ён выконвае функцыю пастыра і настаўніка ўсіх хрысціян”. Акрамя таго, Папа “не валодае гэтай беспамылковасцю так, як быццам ён можа мець яе ў любых абставінах: беспамылковасць дадзена яму толькі калі ён выказваецца ex cathedra і толькі ў дактрынальнай сферы, абмежаванай праўдамі веры і маралі і ісцінамі, цесна з імі звязанымі”.

20 ліпеня 2020, 11:13