Кардынал: пандэмія зрабіла людзей больш адкрытымі на рэлігію
Арцыбіскуп Стакгольма зазначыў, што падчас крызісу, выкліканага пандэміяй карановіруса, многія людзі пераканаліся ў абмежаваннях спажывальніцкай культуры і сёння выглядаюць больш адкрытымі на рэлігійныя і духоўныя справы.
Разважаючы пра задачы католікаў у шведскіх рэаліях у інтэрв’ю інтэрнэт-выданню Nuova Bussola Quotidiana іерарх падкрэсліў, што ў першую чаргу яны павінны прыняць сваю сітуацыю, той факт, што яны – малы статак, які, аднак, імкнецца наследаваць Езуса Хрыста ў секулярызаваным асяроддзі.
Кардынал заўважыў, што сучасны свет вельмі шумны. Людзі не маюць магчымасці жыць у цішыні, пастаянна вымушаны штосьці слухаць, але ў той жа час з’яўляюцца спрагнёнымі па цішыні і магчымасці пабыць у адзіноце. Менавіта таму шматлікія няверуючыя людзі звяртаюцца ў каталіцкія кляштары і рэкалекцыйныя дамы, каб адпачыць ад мітусні сучаснага свету. Гэта выдатная магчымасць для евангелізацыі, - падкрэсліў арцыбіскуп Стакгольма.
Іерарх распавёў, што ў Швецыі быў добры прыняты твор св. Яна ад Крыжа “Цёмная ноч душы”, перакладзены на шведскую мову вядомым паэтам Яльмарам Гульбэртам. Гэта кніга ў пэўным сэнсе даволі блізкая менталітэту і тэмпераменту шведаў. Гэта праўда, што яны вельмі секулярызаваныя, але перакананых атэістаў сярод іх няшмат. Яны не ходзяць у касцёл, але застаюцца адкрытымі на таямніцы прыроды і стварэння, - сказаў кардынал Арбарэліус.
“Тут у Швецыі мы жывём у цемры большую частку года. Паэзія св. Яна ад Крыжа мае штосьці супольнае з досведам мноства людзей у гэтай краіне, якія заўважаюць у стварэнні сляды Бога, схаванага і невядомага”, - дадаў арцыбіскуп Стакгольма.