Папа патэлефанаваў у рымскую парафію: не забывайце пра пажылых
Папа наведваў гэту парафіяльную супольнасць 12 красавіка 2018 г. Яе пробашч ужо на працягу некалькіх гадоў рэгулярна праводзіць відэатрансляцыі для вернікаў, а падчас візіту Францішка распавёў яму пра свой праект. Для святара стала вялікай нечаканасцю, калі Папа вырашыў патэлефанаваць яму менавіта падчас апошняй праграмы перад перыядам летніх водпускаў.
“Мы павінны былі выйсці ў эфір з заключным эпізодам праграмы, якую мы – разам з двума іншымі святарамі – назвалі “Сачыце за трыма ценямі”, але з-за тэхнічных праблем нічога не атрымлівалася. Прамы эфір не працаваў, усё застопарылася. У пэўны момант зазваніў мой тэлефон, я адказаў і адразу пазнаў голас Папы”, - падзяліўся кс. Касана.
У гэты момант у святара атрымалася распачаць трансляцыю, а парафіяне, якія сачылі за ёй, сталі сведкамі гэтай тэлефоннай размовы. Падчас яе Святы Айцец запэўніў вернікаў у малітве, а таксама заклікаў не пакідаць у самоце самых слабых і ўразлівых, асабліва пажылых людзей.
“Мы жывём у асаблівай рэчаіснасці, з мноствам праблем. Як парафія, мы імкнёмся быць як мага бліжэй да самотных пенсіянераў. Падчас каранціну мы часта тэлефанавалі ім, даведваліся, як у іх справы, у чым яны маюць патрэбу, стараліся прыносіць Эўхарыстыю тым, хто аб гэтым прасіў. Праз сацыяльныя сеткі мы трансліруем св. Імшы і з дапамогай нашых перадач імкнёмся складаць кампанію людзям”, - падзяліўся святар.
Ён распавёў, што заклікаў вернікаў да штодзённай малітвы за Святога Айца, каб Пан абараняў яго і падтрымліваў у цяжкасцях, аб чым сам Папа просіць вельмі часта.