Пошук

Папа падчас св. Імшы на адкрыццё Сінода Біскупаў па Амазоніі. Ілюстрацыйнае фота Папа падчас св. Імшы на адкрыццё Сінода Біскупаў па Амазоніі. Ілюстрацыйнае фота 

Праект Сінода Біскупаў: Касцёльная Канферэнцыя Амазоніі

Праз восем месяцаў пасля заканчэння Сінода Біскупаў па Амазоніі, які праходзіў у Ватыкане ў кастрычніку 2019 г., паўстаў да жыцця адзін з паслясінадальных праектаў.

Прадстаўнікі дзевяці краін рэгіёну аб’ядналіся ў новую структуру – Касцёльную Канферэнцыю Амазоніі (Conferencia Eclesial de la Amazonia).

Арганізацыя стане прыладай рэалізацыі прапаноў, якія былі сфармуляваны падчас Сінода Біскупаў. “Яна павінны аблегчыць правядзенне рэформ і ажывіць касцёльныя сеткі і ініцыятывы. Канкрэтныя прапановы змен, якія мы распрацуем, будуць прадстаўлены Папу”, - падкрэсліў віцэ-старшыня Панамазонскай Касцёльнай Сеткі кардынал Пэдра Барэта з Перу.

Касцёльная Канферэнцыя Амазоніі была заснавана на падставе выніковага дакументу Сінода. Яго 115 пункт прадугледжвае “стварэнне біскупскага органу, які будзе развіваць сінадальнасць паміж Касцёламі рэгіёну”.

Старшынёй Канферэнцыі быў выбраны кардынал Клаўдыё Хумэс з Бразіліі, віцэстаршынёй – біскуп Давід Марцінэс Дэ Агуірэ з Перу. Абодва адыгралі важную ролю ў кастрычніцкім сінадальным пасяджэнні: першы – як Генеральны рэлятар, другі – як адзін з двух Спецыяльных сакратароў. У склад Выканаўчага камітэту структуры ўвайшлі як касцёльныя іерархі, так і прадстаўнікі карэнных народаў Амазоніі.

Касцёльная Канферэнцыя Амазоніі будзе блізка супрацоўнічаць з Радай Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі і Панамазонскай Касцёльнай Сеткай. Праект адпавядае закліку Францішка адносна большай дэцэнтралізацыі, таму атрымаў станоўчую адзнаку з яго боку.
 

04 ліпеня 2020, 10:02