Святы Пасад выдаў інструкцыю па арганізацыі парафіяльнага жыцця
Дакумент не ўтрымлівае новаўвядзенняў заканадаўчага характару, а толькі прапануе спосабы найлепшага прымянення ўжо існуючых нормаў для спрыяння ўзаемнай адказнасці ўсіх ахрышчаных, душпастырству блізкасці і супрацоўніцтву паміж парафіямі.
Адзінаццаць раздзелаў, з якіх складаецца Інструкцыя, можна ўмоўна падзяліць на дзве тэматычныя часткі: першая (раздзелы 1-6) прапануе разважанні адносна душпастырскага навяртання, сэнсу місійнасці і вартасці парафіі ў сучасным кантэксце; другая (раздзелы 7-11) засяроджваецца на структуры парафіяльных супольнасцей, на разнастайных ролях, якія ў ёй выкованваюцца, і на спосабах рэалізацыі адпаведных нормаў.
Зазначаецца, што глабалізацыя і лічбавы свет відазмянілі спецыфічную сувязь парафіі з тэрыторыяй, якая сёння ўвасабляе не толькі геаграфічную, але і экзістэнцыяльную прастору. Аднак менавіта ў такіх умовах выявілася “гнуткасць” парафіі, здольная разумець патрэбы часу і прыводзіць у адпаведнасць сваё служэнне вернікам і гісторыі. Таму дакумент падкрэслівае важнасць абнаўлення парафіяльных структур у місійным ключы: далёкія ад самазасяроджанасці і закасцянеласці, яны павінны рабіць упор на духоўны дынамізм і на душпастырскае навяртанне, заснаванае на абвяшчэнні Божага Слова, сакрамэнтальным жыцці і сведчанні любові.
У прыватнасці, Інструкцыя рэкамендуе сведчыць аб веры ў любові і праяўляць асаблівы клопат пра ўбогіх, якім парафія прапаведуе і якія, у сваю чаргу, самі евангелізуюць парафію.
Другая частка дакумента пачынаецца з аналізу парафіяльнага ўладкавання. Найперш, усе яе структуры павінны кіравацца прынцыпам блізкасці, улічваючы аднароднасць насельніцтва і рысы тэрыторыі. Інструкцыя апісвае спецыфічныя працэдуры, звязаныя з далучэннем, зліццём і падзелам парафій, а таксама тыя, што датычаць дэканатаў, якія аб’ядноўваюць некалькі парафіяльных адзінак, і душпастырскіх зон, якія аб’ядноўваюць некалькі дэканатаў.
Далей увага звяртаецца на асаблівасці даручэння душпастырскага клопату аб парафіяльных супольнасцях: у першую чаргу, падкрэсліваецца роля пробашча як “непасрэднага душпастыра” супольнасці. Менавіта ён служыць парафіі, а не наадварот, нагадвае дакумент. Таму пробашчам павінна быць асоба, якая атрымала прэзбітэрскае пасвячэнне; ніякі іншы варыянт немагчымы.
Тым не менш, Інструкцыя нагадвае, што там, дзе ажыццяўляецца практыка прызначэння пробашча дэкрэтам біскупскай канферэнцыі, біскуп можа прызначыць пробашча на вызначаны тэрмін, аднак не менш чым на пяць гадоў. Пры дасягненні пробашчам 75-гадовага ўзросту ён мае “маральны абавязак” падаць прашэнне аб адстаўцы, аднак працягваць выкананне сваіх абавязкаў, пакуль яго адстаўку не прыме і не пацвердзіць пісьмова біскуп. У любым выпадку, прыняцце адстаўкі павінна вынікаць са “справядлівай і адпаведнай прычыны”, каб пазбегнуць “функцыяналістычнага” разумення душпастырскага служэння.
Асобная частка восьмага раздзелу прысвечана дыяканам: супрацоўнікі біскупаў і святароў у адзінай евангелізацыйнай місіі, яны з’яўляюцца пасвечанымі служыцелямі і бяруць удзел, хоць і па-іншаму, у сакрамэнце святарства, у прыватнасці, у справах евангелізацыі і дабрачыннасці, у распараджэнні дабротамі парафіі, у абвяшчэнні Евангелля і служэнні пры Эўхарыстычным стале.
Што датычыць кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, то першыя ўнутры парафіяльнай супольнасці суадносяцца не столькі з дзейнасцю, колькі са “сведчаннем радыкальнай школы Хрыста”, другія ж з’яўляюцца ўдзельнікамі евангелізацыйнай справы Касцёла і павінны рабіць руплівыя высілкі, каб сведчыць аб жыцці, згодным з Евангеллем і накіраваным на служэнне парафіяльнай супольнасці.
Акрамя таго, свецкія вернікі могуць быць лектарамі і міністрантамі на пастаяннай аснове, а ў выключных умовах могуць прызначацца біскупамі для выканання іншых заданняў, звязанымі з цэлебрацыяй Літургіі Слова і сакрамэнтаў.
Дакумент разважае таксама адносна парафіяльных структур, якія маюць сумесную касцёльную адказнасць, сярод якіх – Рада па эканамічных справах: яна мае кансультацыйны характар, узначальваецца пробашчам і ўключае ў свой склад як мінімум тры асобы. Яе роля заключаецца ў распараджэнні дабротамі парафіі, “важным складнікам евангелізацыі і евангелізацыйнага сведчання Касцёла і грамадзянскай супольнасці”.
Кансультацыйнай з’яўляецца і Парафіяльная душпастырская рада: далёкая ад таго, каб быць бюракратычным органам, яна павінен спараджаць духоўнасць адзінства, падкрэсліваючы цэнтральную ролю Божага Народу як актыўнага суб’екта евангелізацыі. Яго галоўная задача – пошук і вывучэнне практычных прапаноў у галіне душпастырскіх і дабрачынных ініцыятыў парафіі ў згодзе з агульным шляхам дыяцэзіі. Каб стаць аператыўнымі, такія прапановы павінны быць прыняты пробашчам.
Сакрамэнтальнае жыццё не павінна “ператварацца ў гандаль, а цэлебрацыя св. Імшы і іншых абрадаў не павінна станавіцца аб’ектам тарыфікацыі, кантрактаў ці камерцыі”, - перасцерагае дакумент. Аўтары інструкцыі “Парафія на службе евангелізацыі” заахвочваюць святароў даваць прыклад высокамаральнага карыстання грашыма, дзякуючы памяркоўнаму жыццю і празрыстаму кіраванню парафіяльнымі сродкамі. Тады яны змогуць зрабіць вернікаў больш ахвочымі на добраахвотную падтрымку парафіі ў яе патрэбах, якія з’яўляюцца таксама “і іх справай”.