“Папа з намі”: рэакцыя беларусаў на зварот Францішка
“Безумоўна, гэта вельмі важныя, актуальныя і своечасовыя словы Пятра нашага часу. Папа выказаўся ў вырашальны момант у найноўшай гісторыі краіны і падтрымаў нас у абароне правоў чалавека, свабоды і дэмакратыі. Гэта вельмі важна”, - падкрэсліў старшыня беларускага епіскапату ў інтэрв’ю KAI.
Іерарх распавёў аб рэакцыі ўдзельнікаў нядзельнай мірнай маніфестацыі ў Мінску, якіх сустракалі званы касцёлаў. “Я гэта бачыў. Людзі выказвалі ўдзячнасць Касцёлу за тое, што ён з імі. Яны ўвесь час паўтаралі: дзякуй, дзякуй”, - падзяліўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
“Мае думкі кірую да дарагой Беларусі. З вялікай увагай сачу за сітуацыяй, якая склалася пасля выбараў у гэтай краіне. Заклікаю да дыялогу, спынення гвалту, паважання справядлівасці і права. Давяраю ўсіх беларусаў апецы Багародзіцы, Каралевы супакою”, - сказаў Францішак.
18 жніўня 2020 г. арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуўся да міністра ўнутраных спраў Беларусі па справе затрыманых падчас акцый пратэсту. Ён папрасіў дазволіць святарам наведваць людзей, затрыманых пасля выбараў, для аказання ім духоўнай дапамогі. Іерарх таксама заклікаў міністра неадкладна іх вызваліць, - паведамляе catholic.by.
18 жніўня ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску адбудзецца адмысловая малітва за беларускі народ, узяць удзел у якой арцыбіскуп Кандрусевіч запрасіў прадстаўнікоў усіх рэлігій. Гэта адказ на ініцыятыву Выканаўчага камітэта Еўрапейскай канферэнцыі каталіцкіх камісій па пытаннях справядлівасці і міру Iustitia et Pax, які заклікаў хрысціян Еўропы з’яднацца ў супольнай малітве за народ Беларусі.