Павел VI – першы Папа на зямлі Лацінскай Амерыкі
Публікацыі ў газетах таго часу аднаўляюць гісторыю блізкасці Папы да жыхароў краіны. У Багаце ён казаў пра міласэрнасць і справядлівасць, асабліва ў дачыненні да сялян і жыхароў сельскіх раёнаў.
Усяго за чатыры дні Павел VI, які прыбыў у краіну з афіцыйным візітам, стаў для калумбійцаў адкрытым і міласэрным “Папу Пауло”, старым сябрам, які, ступіўшы на зямлю Багаты, пацалаваў яе. Візіт ператварыўся ў бесперапынны людскі рух: толькі ўздоўж дарогі паміж аэрапортам і катэдрай на плошчы Балівара Папу сустракалі два мільёны чалавек. На працягу чатырох дзён Павел VI пакорліва абвяшчаў Евангелле міру на кантыненце, які стаў закладнікам ваенных дыктатур.
Шчыльная праграма візіту ўключала каля дваццаці сустрэч. Не ўсе яны суправаджаліся працяглымі прамовамі, але ўсе былі доўгачаканымі. Пантыфік сустракаўся не толькі з моцнымі гэтага свету, але і з самымі малымі. Багатых і алігархаў ён рашуча заклікаў адарвацца ад статычнага характару іх становішча, якое можа быць прывілеяваным ці здавацца такім, і паставіць сябе на службу тым, хто мае патрэбу ў іх багацці.
Падчас гістарычнай св. Імшы, у якой удзельнічалі 300 тыс. жыхароў сельскіх раёнаў, прагучалі словы Папы, якія кранулі ўсіх: “Мы ведаем умовы вашага існавання: для многіх яны жудасныя і мізэрныя і часта саступаюць нармальным патрэбам чалавечага жыцця. Цяпер вы слухаеце нас моўчкі: мы ж чуем крык, які выходзіць ад вашага болю і ад пакут большай часткі чалавецтва”.
Павел VI адкрыў Міжнародны эўхарыстычны кангрэс і Другую генеральную асамблею епіскапатаў Лацінскай Амерыкі. А пастырам кантынента ён паказаў дарогу міласэрнай любові: “Нянавісць і гвалт не могуць быць сілай нашай міласэрнасці. Сярод розных шляхоў да справядлівага грамадскага адраджэння мы не можам выбіраць ні атэістычны марксізм, ні шлях сістэматычнага паўстання, ні тым больш шлях крыві і анархіі”.