Пошук

Арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі Арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі 

Польскі епіскапат падтрымлівае пазіцыю іерархаў Беларусі

“У кантэксце напружанай сітуацыі ў Беларусі трэба заахвочваць усіх вырашаць канфлікт мірам, спыніць агрэсію, дараваць і весці дыялог, і, перш за ўсё, маліцца, - лічыць старшыня епіскапату Польшчы.

Каментуючы падзеі ў суседняй краіне для KAI, арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі нагадаў нядаўнія словы Францішка, які заклікаў да “спынення гвалту, паважання справядлівасці і права” у Беларусі.

Паводле іерарха, “асабліва важным з’яўляецца зварот, у якім беларускія каталіцкія біскупы асудзілі кожны акт насілля, заклікалі спыніць агрэсію і пачаць дыялог дзеля дабра чалавека і ўсяго грамадства”, а таксама ініцыятыва Імшаў і штодзённай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі краіны, яе народу і мірнага вырашэння канфлікту.

Арцыбіскуп Гандэцкі нагадаў стаўленне сацыяльнай дактрыны Касцёла да такога роду сітуацыі. Ён зацытаваў Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла: “Палітычная ўлада павінна гарантаваць грамадству ўпарадкаванае і сумленнае жыццё, не замяняючы сабой свабодную дзейнасць асобных людзей і груп, а ўпарадкоўваць і скіроўваць яе на ажыццяўленне агульнага дабра, паважаючы пры гэтым і абараняючы незалежнасць індывідуальных і сацыяльных суб’ектаў” (§394).

Іерарх дадаў, што палітычная ўлада “ў самой супольнасці ці ў дзяржаўных інстытутах павінна заўсёды адбывацца ў межах маральнага парадку дзеля агульнага дабра”.
 

22 жніўня 2020, 14:01