Святы Айцец заклікаў карыстацца дарам адпусту Парцыюнкулі
“З учарашняга дня і да поўначы сённяшняга можна карыстацца “Азізскім дараваннем”, духоўным дарам, які св. Францішак атрымаў ад Бога праз заступніцтва Дзевы Марыі. Гаворка ідзе пра поўны адпуст, які можна атрымаць, прыступаючы да сакрамэнтаў споведзі і Эўхарыстыі, а таксама наведваючы парафіяльны або францішканскі храм, прамовіўшы Сімвал веры і “Ойча наш”, молячыся за Папу і ў яго інтэнцыях. Адпуст можа быць ахвяраваны за памерлага. Як важна ў цэнтр паставіць Божае прабачэнне, якое “стварае рай” у нас і вакол нас!”, - патлумачыў Папа 2 жніўня 2020 г. падчас сустрэчы з вернікамі на “Анёл Панскі”.
Св. Францішак горача прасіў Бога аб ласцы збаўлення ўсіх людзей. Езус і Марыя аб’явіліся яму, паабяцаўшы, што калі вернік наведае капліцу Парцыюнкула ад заходу сонца 1 жніўня да заходу сонца 2 жніўня (Свята Маці Божай Анёльскай), атрымае ласку поўнага адпусту.
Жыццё і дзейнасць св. Францішка Асізскага, напоўненыя любоўю да ўсяго існага і замілавання навакольным светам, у найбольш глыбокім сэнсе прычыніліся да адбудовы ўсяго Касцёла на падставе нескажоных хрысціянскіх ідэалаў.