Святы Айцец напісаў да вернікаў аргентынскай парафіі
“Я памятаю пра мае сустрэчы ў вас у такія святочныя дні, пра благаслаўленне маці, дзяцей, сужэнскіх пар, якія маліліся аб дзіцяці... Гэта сапраўды гімн жыццю, якое прыходзіць”, - узгадаў Францішак у звароце да аргентынскіх вернікаў.
Пантыфік распавёў, што таксама і падчас аўдыенцый у Ватыкане, калі людзі просяць яго аб малітве аб дары дзіця і благаслаўленні, ён заўсёды кажа ім маліцца праз заступніцтва св. Раймунда.
Спасылаючыся на пачатак навэны да святога, Пантыфік пажадаў вернікам цудоўных урачыстасцей, нягледзячы на абмежаванні, звязаныя з пандэміяй COVID-19. “Я ўпэўнены ў тым, што ласкаў, міру, здароўя і плоднасці будзе вельмі шмат”, - дадаў ён.
Дэвіз сёлетніх урачыстасцей: “Разам са св. Раймундам будзем трываць у надзеі”. Галоўную літургічную цэлебрацыю ва ўспамін нябеснага заступніка парафіі ўзначаліць кардынал Марыа Полі, арцыбіскуп Буэнас-Айрэса.
Св. Раймунд Нонат жыў у ХІІІ ст. Яго мянушка літаральна перакладаецца як “ненароджаны”. Гэта звязана з тым, што ён з’явіўся на свет з дапамогай кесарава сячэння, пасля таго, як яго маці памерла падчас родаў. Св. Раймунд быў генеральным настаяцелем Ордэна мэрседарыяў і кардыналам. З’яўляецца нябесным апекуном акушэрак.
Францішак часта наведваў парафію ў яго гонар у аргентынскай сталіцы, калі быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса.