Дзяржсакратар да святароў: пастыр – не роля, а лад жыцця
У гаміліі Дзяржсакратар заўважыў, што пастыр – гэта чалавек, які ўказвае шлях усяму статку, але ў евангельскім сэнсе яго пакліканне яшчэ больш шырокае: быць пастырам значыць не проста выконваць ролю, а весці пэўны лад жыцця.
“Пастыр не жыў як хацеў, але як было лепш для статку; не знаходзіўся там, дзе жадаў, але там, дзе быў статак. Ён перамяшчаўся са статкам і праводзіў дні і ночы з ім. Больш чым вёў статак, ён быў занураны ў яго”, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Папы.
Такім чынам, паводле кардынала Параліна, функцыя пастыра тычыцца ў першую чаргу не кіравання, але жыцця. Невыпадкова Езус ахарактарызаваў пастыра як таго, хто “аддае жыццё сваё за авечак”. “Вы будзеце пакліканы ў першую чаргу не “рабіць нешта”…, але дарыць і падзяляць жыццё”, - дадаў іерарх.
Дзяржсакратар зазначыў, што менавіта так можна дзейнічаць “in persona Christi”: не толькі ўдзяляць сакрамэнты, але станавіцца ўцелаўленнем ладу Езуса. “Святар – заўсёды другі Хрыстус”, - казаў св. Хасэмарыя Эскрыва, заснавальнік “Opus Dei”, - нагадаў кардынал Паралін.
Іерарх падкрэсліў, што быць пастырамі – значыць быць сведкамі міласэрнасці. Хрыстус прыйшоў, каб шукаць нас там, дзе мы згубіліся, сярод “цёмных далінаў граху і смерці”: Ён узяў на сябе нашы правіны, раздзяліў нашу смерць, аддаўшы жыццё за крыжы, і менавіта так адкупіў нас, з міласэрнасцю сабраў разам і ўзняў на свае плечы”, - сказаў кардынал Паралін, заклікаючы новых святароў наследаваць гэты прыклад.
Дзяржсакратар заахвоціў неапрэзбітараў несці “словы жыцця”, заўсёды абвяшчаць “прыгажосць збаўлення”, быць “пасламі міласэрнасці”, носьбітамі прабачэння, быць простымі і сапраўднымі місіянерамі, якія выходзяць насустрач людзям і нясуць Езуса Хрыста ў свет.