Манаскія асобы Беларусі маліліся за Радзіму і аб вяртанні Мітрапаліта
Прадстаўнікі мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў сабраліся на супольную малітву аб мірным вырашэнні грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі і аб хутчэйшым вяртанні на Радзіму старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, - паведамляе catholic.by.
Законнікі і законніцы маліліся разам з пастырамі Касцёла на Беларусі. У Гродне малітоўная сустрэча праходзіла з удзелам біскупа Аляксандра Кашкевіча, у Докшыцах – з удзелам біскупа Алега Буткевіча, у Мінску – з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім звароце падзякаваў кансэкраваным асобам за ініцыятыву супольнай малітвы і запэўніў у духоўнай еднасці. “Хоць знаходжуся далёка, тым не менш духоўна і сэрцам я разам з вамі і падзяляю клопат аб будучыні нашай краіны і Касцёла, у жыцці якога вы адыгрываеце асаблівую ролю”, - напісаў іерарх.
Мітрапаліт звярнуў увагу на тое, што да пандэміі каранавірусу далучылася вельмі вострая і небяспечная праблема сацыяльна-палітычнага крызісу, які перарастае ў своеасаблівую грамадскую пандэмію са сваімі ахвярамі, фізічна і духоўна пацярпелымі.
Іерарх нагадаў, што крыніцай кожнага зла з’яўляецца грэх – нязгоднае з Божым законам жыццё, якое вядзе да разладу са Створцам і бліжнім і становіцца прычынай розных канфліктаў. “Калі будзем адказна адносіцца да Божага закону, то на яго падставе зможам паспяхова будаваць міжчалавечыя адносіны і шчаслівае грамадства”, - дадаў ён.
Гаворачы пра ролю кансэкраваных асобаў у працэсе навяртання і жыцця паводле Божых запаведзяў, іерарх зазначыў, што яны пакліканы стаць евангельскімі “святлом і соллю” ў сучасным бездухоўным свеце.
“У гэты лёсавызначальны час нашай гісторыі звяртаюся да вас з настойлівай просьбай: малітвай, служэннем у духу вашых харызмаў і сведчаннем кансэкраванага жыцця евангельскім святлом асвятляйце Беларусь і евангельскай соллю зберагайце яе ад маральнага псавання, каб яна будавала сваю будучыню на нязменных духоўных каштоўнасцях, што з’яўляецца гарантыяй мірнага суіснавання і паспяховага развіцця грамадства”, - напісаў да кансэкраваных асобаў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.