Арцыбіскуп Кандрусевіч прааналізаваў энцыкліку Fratelli tutti
Спецыяльна для Vatican News іерарх прааналізваў трэцюю энцыкліку цяперашняга Пантыфіка, падпісаную 3 кастрычніка 2020 г. у Асізі. Ён нагадаў, што папярэднія: Lumen fidei і Laudato si’ з’явіліся адпаведна 29 чэрвеня 2013 г. і 24 мая 2015 г.
Сацыяльны кірунак пантыфікату Францішка
Fratelli tutti – другая сацыяльная энцыкліка Францішка пасля Laudato si. Такім чынам, з трох энцыклік дзве сацыяльныя. Гэты факт яшчэ раз падкрэслівае сацыяльны кірунак навучання Папы.
Першая ў гісторыі Касцёла сацыяльная энцыкліка Rerum novarum была напісана Львом ХІІІ у 1891 г. Пантыфік прадставіў рэакцыю Касцёла на ўплыў сацыялістычных і камуністычных рухаў, які стаў нарастаць падчас тэхналагічнай рэвалюцыі. Энцыкліка прапануе хрысціянскую грамадскую палітыку, якая адмаўляе марксісцкі сацыялізм і сляпы камунізм. Таксама і Францішак імкнецца своечасова рэагаваць на “новыя рэчы” сучаснасці.
Натхненне для энцыклікі даў Дакумент з Абу-Дабі
Натхненнем для напісання энцыклікі Laudato si, як прызнаўся Папа, была яго сустрэча з Патрыярхам Канстантынопальскім Барталамеем І, вядомым прыхільнікам аховы прыроды (пар. FT 5).
Напісанню энцыклікі Fratelli tutti паспрыяў дакумент, які Францішак з Вялікім Імамам Ахмедам Эль Таебам падпісалі 4 лютага 2019 г. у Абу Дабі. У ім сцвярджаецца, што Бог стварыў усіх людзей роўнымі ў правах, абавязках і годнасці, і паклікаў усіх жыць як браты і сёстры. У энцыкліцы Fratelli tutti Папа развівае гэтую тэму (пар. FT 5).
На тэму энцыклікі і на яе вучэнне паўплывала пандэмія, выкліканая COVID-19, у выніку якой агаліліся маральныя праблемы сучаснага свету, у тым ліку яго няздольнасць да супольнага і салідарнага адказу на нечакана ўзнікшы выклік (пар. FT 7).
Клопат пра агульнае дабро – самая высакародная форма хрысціянскай любові
Галоўная тэма энцыклікі Fratelli tutti – глабалізацыя хрысціянскай любові. Папа падкрэслівае, што недастаткова абмяжоўвацца вымярэннем любові на ўзроўні асоба-асоба і найбліжэйшая сацыяльная група: сям’я, сяброўства і суседства. Цнотай любові неабходна агарнуць увесь свет.
Самай высакароднай формай хрысціянскай любові ў адносінах паміж людзьмі з’яўляецца клопат пра агульнае дабро ў розных яго вымярэннях з мэтай будавання братэрства і грамадскага сяброўства. У сучасным свеце існуе дэфіцыт дыялогу з людзьмі добрай волі. Перавага аддаецца індывідуальным інтарэсам, аслабляецца грамадскае вымярэнне чалавечага існавання (пар. FT 12). Папа падкрэслівае, што факт нараджэння ў беднай краіне не апраўдвае нізкага ўзроўню жыцця чалавека, бо кожны мае права на годнае існаванне (пар. FT 106). У будаванні братэрства і сяброўства неабходна наследаваць Бога, любоў Якога аднолькавая да ўсіх людзей (пар. FT 281).
Не трэба пытацца, хто мой бліжні, важна разумець, для каго я такім з’яўляюся
Тлумачачы сутнасць працэсу будавання братэрства і грамадскага сяброўства, Францішак выкарыстоўвае прыпавесць пра Добрага Самараніна (Лк 10, 30-37). Зыходзячы з яе, Папа навучае, што супольнасць бліжніх – гэта панацэя ад праблемы сучаснага эгаістычнага і самазадаволенага свету. А бліжні – гэта той, хто праяўляе міласэрнасць да іншых, незалежна ад паходжання ці веравызнання. На думку Пантыфіка, наш час патрабуе “культурнай рэвалюцыі”: змены адносін да іншых, адмовы ад абыякавасці, асабліва да самых слабых (пар. FT 64).
Менавіта таму Папа завяршае энцыкліку заклікам да таго, каб у сэрцах, думках, сем’ях, на вуліцах і плошчах, у месцах працы, палітыцы і гаспадарцы нанова загучала “музыка Евангелля Хрыста”, якое з’яўляецца крыніцай чалавечай годнасці і братэрства (пар. FT 277).
Зыходзячы з прыпавесці пра Добрага Самараніна, Францішак заклікае да аднаўлення свету, і раіць распачынаць яго “знізу”, бескарысна яднаючыся з іншымі, асабліва з патрабуючымі. Не трэба пытацца, хто мой бліжні, важна разумець, для каго я такім з’яўляюся. Паступаючы так мы будзем даваць сведчанне ўніверсальнага вымярэння любові бліжняга (пар. FT 81-83).
Грамадскія праблемы сучаснасці
Энцыкліка адказвае на найбольш актуальныя праблемы сучаснасці.
Вось толькі некаторыя з іх:
Папа прапануе дыялог у сітуацыі падзелаў, індывідуалізму і дэзінтэграцыі (пар. FT 170). Аўтэнтычны дыялог прадугледжвае здольнасць прымаць і паважаць іншы пункт гледжання дзеля імкнення да супольнага дабра (пар. FT 202-203).
У міжчалавечыя адносіны неабходна ўводзіць бескарысную “логіку дару”. Трэба дапамагаць іншым і пры гэтым не чакаць узнагароды (пар. FT 140).
У будаванні паўсюднага братэрства і грамадскага сяброўства вялікая роля належыць салідарнасці, якая ў першую чаргу павінна праяўляцца ў служэнні іншым (пар. FT 114-116).
Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на прабачэнне і згоду. Езус заклікаў прабачаць столькі разоў, колькі спатрэбіцца, каб не выклікаць спіралі помсты. Аўтэнтычнае прабачэнне прадугледжвае неабходнасць не забываць крыўду і ў той жа час адмаўляцца ад пападання ў замкнёнае кола помсты (пар. FT 237-252).
Немагчыма будаваць глабальнае братэрства без захавання фундаментальных правоў чалавека. Пры гэтым Папа перасцерагае ад спакусы перайначвання ідэі правоў чалавека і парадаксальнага злоўжывання імі (пар. FT 111. 189).
У рамках правоў чалавека Папа звяртае ўвагу на праблему міграцыі. Пакуль існуе вымушаная міграцыя, неабходна прымаць мігрантаў, абараняць іх, падтрымліваць і інтэграваць (пар. FT 129). Для гэтага трэба апрацаваць адпаведнае глабальнае заканадаўства (пар. FT 132).
Папа надае шмат увагі неабходнасці пераходу ад канфлікту да міру. Па словах Пантыфіка, калі мы не вырашаем канфліктаў і замоўчваем іх, то такім чынам становімся ўдзельнікамі памылак і грахоў. Сапраўднае паяднанне – гэта не ўцёк ад канфлікту, а вырашэнне праблемы шляхам дыялогу (пар. FT 244).
Верны сваёй традыцыі Францішак кажа станоўчае “не” вайне, смяротнаму пакаранню і пажыццёваму зняволенню, якое з’яўляецца скрытым смяротным пакараннем. Цытуючы св. Яна Паўла ІІ, Пантыфік нагадвае, што з маральнага пункту гледжання смяротнае пакаранне не з’яўляецца адэкватным, а з пункту гледжання сучасных умоў зняволення злачынцаў – неабавязковым. Папа падкрэслівае, што мы жывём у час рэдукцыі крытэрыяў так званых “справядлівых войнаў”. Таму ніколі больш вайны (пар. FT 257-269).
Розніцы павінны суіснаваць і ўзбагачаць адна адну
Характэрным элементам энцыклікі Fratelli tutti з’яўляецца тое, што яна нагадвае пра жыццё як “культуру сустрэчы”. Папа звяртаецца да выявы геаметрычнай фігуры шматгранніка. Ён мае шмат аспектаў, якія ў сваёй разнароднасці ўтвараюць багатае адзінства. Шматграннік уяўляе сабой грамадства, у якім розніцы суіснуюць паміж сабою, узбагачаючы адна адну. Мы павінны вучыцца адно ў аднаго (пар. FT 215).
Галоўнае пасланне энцыклікі арцыбіскуп Кандрусевіч акрэсліў словамі: людзі ратуюцца не паасобку, але ў братэрскім грамадстве, якое не можа знішчыць вайна, нянавісць, гвалт, абыякавасць і новыя падзелы.
Такім чынам, энцыкліка Францішка Fratelli tutti з’яўляецца “настольнай кнігай” і практычным падручнікам для будавання цывілізацыі братэрства і грамадскага сяброўства, каб гэтая мара стала рэальнасцю. Яна адкрывае новыя гарызонты надзеі для сучаснага чалавецтва, у якім усе могуць адчуваць сябе братамі і сёстрамі, - падсумаваў старшыня беларускага епіскапату.