Дзяржсакратар: да такой дамовы з Кітаем імкнуліся апошнія Папы
Кардынал П’етра Паралін выступіў у Мілане на форуме, прымеркаваным да 150-годдзя прысутнасці Папскага інстытута замежных місій у Кітаі.
Часовае пагадненне, якое Апостальская Сталіца падпісала з КНР і якое тычыцца прызначэння біскупаў, “з’яўляецца толькі зыходным пунктам” з пэўнымі вынікамі: каб “дыялог прынёс больш паслядоўны плён, трэба яго працягваць”, - заявіў кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду на форуме пад назвай: “Іншы Кітай. Час крызісу, час перамен”.
Кардынал звярнуўся да гісторыі і нагадаў, што з часоў Пія XII Святы Пасад “адчуваў патрэбу ў дыялогу, нават калі абставіны таго часу вельмі ўскладнялі яго”. Шлях зноў адкрыўся ў 1980-х. Іерарх патлумачыў, што ўсе Пантыфікі, ад Паўла VI да Францішка, шукалі тое, што Бэнэдыкт XVI назваў пераадоленнем “цяжкай сітуацыі непаразумення і неразумення”, якая “не прыносіць карысць ні кітайскім уладам, ні Каталіцкаму Касцёлу ў Кітаі”. Па словах Параліна, Бэнэдыкт XVI ухваліў “праект пагаднення аб прызначэнні біскупаў у Кітаі, падпісаць які ўдалося толькі ў 2018 г.”.
Кардынал яшчэ раз удакладніў, што пагадненне носіць не палітычны, а душпастырскі характар. Ён заявіў, што “ведае пра існаванне многіх іншых праблем, якія тычацца жыцця католікаў у Кітаі. Разабрацца з імі пакуль не атрымалася, бо, вядома, шлях да поўнай нармалізацыі ўсё роўна будзе доўгі, як Бэнэдыкт XVI ужо прадказваў у 2007 г.
“Упершыню за шмат дзесяцігоддзяў сёння ўсе біскупы ў Кітаі знаходзяцца ў камуніі з Біскупам Рыма” – нагадаў кардынал Паралін. Тыя, хто ведае гісторыю Касцёла ў Кітаі, разумеюць, наколькі гэта важна, бо яшчэ два гады таму магчымасць пасвячэння біскупаў без папскага мандата заставалася адкрытай. Менавіта таму існавала неабходнасць “узняць і канчаткова вырашыць гэтую далікатную праблему” пагадненнем, мэта якога – “дапамагчы мясцовым Касцёлам карыстацца ўмовамі большай свабоды, аўтаноміі і арганізацыі, даць ім магчымасць прысвяціць сябе місіі абвяшчэння Евангелля і садзейнічання інтэгральнаму развіццю чалавека і грамадства”.
У заключэнне Дзяржсакратар Яго Святасці сказаў, што заўважыў “за гэтыя два гады прыкметы збліжэння сярод кітайскіх католікаў, якія доўгі час заставаліся раз’яднанымі па многіх пытаннях”. Гэта важны знак, паколькі каталіцкай супольнасці ў Кітаі “Папа асаблівым чынам даручае імкненне жыць сапраўдным духам прымірэння паміж братамі, робячы канкрэтныя жэсты, якія дапамагаюць пераадолець непаразуменні мінулага, у тым ліку нядаўняга. Такім чынам вернікі, католікі ў Кітаі, змогуць засведчыць сваю веру, сапраўдную любоў, адкрыцца на дыялог паміж усімі народамі і садзейнічанне міру”.