Пошук

Францішак падчас экуменічнай сустрэчы ў Сусветнай Радзе Цэркваў Францішак падчас экуменічнай сустрэчы ў Сусветнай Радзе Цэркваў  

Старшыня Папскай рады пра сучасныя перспектывы экуменізму

Воля пошуку праўды, нягледзячы на розніцу пазіцый, дух талерантнасці і свабоды, павага да іншасці партнёра па дыялогу: гэта ўмовы экуменічнага дыялогу, паводле кардынала Курта Коха.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству падкрэсліў, што, ведучы дыялог, нельга забывацца пра “захаванне ўласнай тоеснасці і неразмыванне яе ў імя павагі да іншасці бліжняга”.

Выступаючы на VI Кангрэсе хрысціянскай культуры ў Любліне, іерарх рашуча раскрытыкаваў “дыялог”, у якім адзін з партнёраў узурпіруе права на абсалютную праўду. У той жа час ён перасцярог ад “паліткарэктнасці”, дзе пытання аб ісціне практычна пазбягаюць.

Старшыня Папскай рады надаў вялікую ўвагу сучасным перспектывам экуменізму. Ён растлумачыў, што сутнасць экуменічнага дыялогу не толькі ў абмене думкамі, ідэямі і тэорыямі, а значна больш ва ўзаемным абмене дарамі.

“Ніводная з Цэркваў не настолькі багатая, каб яе не маглі ўзбагаціць іншыя, і не настолькі бедная, каб не магла зрабіць уласны ўклад у экуменічную супольнасць”

, - падкрэсліў ватыканскі іерарх.

Усе віды дыялогу вядуць - як адзначыў кардынал Кох - да “дыялогу праўды”, які ён назваў “тэалагічнай дыскусіяй з фактарамі, якія з’яўляюцца прычынай існуючых падзелаў Касцёла”. Іерарх растлумачыў, што “такі дыялог праўды неабходны для набліжэння да экуменічнай мэты адзінства”. Ён падкрэсліў, што “адзінства можна знайсці толькі ва ўзаемным пазнанні і прызнанні праўды, паколькі з ігнараваннем праўды веры ніякае адзінства існаваць не можа”.

У заключэнне Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству прызнаў, што “рэальная мэта экуменічнага руху, а менавіта аднаўленне адзінства Касцёла або поўная касцёльная камунія, яшчэ не дасягнута”. Бо для гэтага спатрэбіцца “значна больш часу, як чакалася ў самым пачатку экуменічнага руху”.
 

16 кастрычніка 2020, 11:49