Пошук

Штаб-кватэра Мальтыйскага Ордэна ў Рыме Штаб-кватэра Мальтыйскага Ордэна ў Рыме 

Мальтыйскі Ордэн абраў Месцаахоўніка Вялікага магістра

8 лістапада 2020 г. Вярхоўная дзяржаўная рада Мальтыйскага Ордэна абрала Месцаахоўніка Вялікага магістра. Ім стаў 70-гадовы брат Марка Луцага. Ён будзе кіраваць Ордэнам на працягу бліжэйшага года.

У выбарах бралі ўдзел 44 з 56 дэлегатаў, упаўнаважаных да галасавання. Яны прыбылі з Аргентыны, Перу, ЗША, Лівана, Францыі, Швецыі, Аўстрыі, Германіі, Нідэрландаў, Іспаніі, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Швейцарыі, Мальты і Італіі.

Пра вынік галасавання быў паінфармаваны Святы Айцец, структурныя адзінкі Ордэна ў свеце, а таксама ўлады 110 краін, з якімі ён падтрымлівае дыпламатычныя адносіны.

8 лістапада 2020 г. новаабраны Месцаахоўнік Вялікага магістра склаў прысягу перад членамі Суверэннай Рады і Спецыяльным дэлегатам Папы пры Мальтыйскім Ордэне, кардыналам-электам Сільвана Тамазі.

Паводле Канстытуцыі Мальтыйскага Ордэна, мандат Месцаахоўніка разлічаны на адзін год, на працягу якога ён мае такія самыя паўнамоцтвы, як і Вялікі Магістр. Перад завяршэннем гэтага перыяду ён павінен склікаць Вялікую Дзяржаўную Раду.

Брат Марка Луцага нарадзіўся ў 1950 г. у італьянскай Брэшыі. Вывучаў медыцыну ў Падуі і Парме. У Мальтыйскім Ордэне з 1975. У 2011 г. стаў Камандорам Справядлівасці ў Вялікім прыяраце Рыма, дзе выконваў функцыю Дэлегата паўночных правінцый і кіраўніка бібліятэкі. З 2017 г. – кіраўнік Італьянскага саюза Мальтыйскага Ордэна. Мае сваяцкія сувязі з папам Паўлам VI.

Пасада Вялікага магістра Мальтыйскага Ордэна застаецца вакантнай пасля смерці брата Джакама Дала Торэ дэль Тэмп’ё дзі Сангвінэта, які адышоў у вечнасць у красавіку.
 

09 лістапада 2020, 10:36