Статыстыка Касцёла: павышаецца смяротнасць сярод святароў
З новага Annuarium Statisticum Ecclesiae можна даведацца, што ў 2018 г. святароў у свеце стала менш на 0,3%, чым у 2013 г. У Еўропе іх колькасць скарацілася на 7%. Змяншаецца і доля еўрапейскіх святароў у цэлым: у 2013 г. іх было звыш 184 тыс. – 44,3% ад агульнай колькасці каталіцкага духавенства ў свеце, – а праз пяць гадоў – усяго 41,3%. Афрыка і Азія, наадварот, набылі вагі, дасягнуўшы 25,7% ад агульнай колькасці духавенства ў свеце. Амерыка па-ранейшаму захоўвае каля 30%. Таксама стабільнай застаецца Акіянія – крыху больш за 1%.
У 2013-2018 гадах колькасць смерцяў сярод святароў была прыкладна на 4 тыс. менш, чым колькасць святарскіх пасвячэнняў. У Еўропе, дзе сярэдні ўзрост духавенства значна вышэйшы, колькасць смерцяў амаль на 15 тыс. большая за колькасць пасвячэнняў.
Таксама можна заўважыць, што ва ўсім свеце з цягам часу павышаецца ўзровень смяротнасці сярод святароў. Аднак узрост, у якім святары паміраюць, вар’іруецца ў залежнасці ад геаграфіі.