Ватыканская дэлегацыя ў Канстантынопальскім Патрыярхаце
Прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы прынялі ўдзел у літургіі ў патрыярхальнай царкве св. Юрыя ў Фанары, якую ўзначаліў Патрыярх Барталамей, і перадалі яму спецыяльнае пасланне Папы.
У склад дэлегацыі, акрамя кардынала Курта Коха, увайшлі біскуп Браян Фарэл, сакратар Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, і мансеньёр Андрэа Пальмьеры, падсакратар гэтай ватыканскай дыкастэрыі. У Стамбуле да іх далучыўся арцыбіскуп Пол Расэл, Апостальскі нунцый у Турцыі, - паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.
Традыцыя скіравання Папам афіцыйнай дэлегацыі ў Стамбул з нагоды свята св. Андрэа, апекуна Канстантынопальскага Патрыярхату, адносіцца да 1969 г. Два гады пазней дэлегацыя Патрыярхату ўзяла ўдзел у святкаванні ўрачыстасці святых Пятра і Паўла – апекуноў Каталіцкага Касцёла – ў Рыме. З таго часу абмен дэлегацыямі адбываецца штогадова. Некалькі разоў іх узначальвалі самі прадстаяцелі Цэркваў: Ян Павел ІІ наведаў Стамбул у 1979 г., Бэнэдыкт XVI – у 2006 г., а Францішак – у 2014 г. У сваю чаргу Ватыкан з 1967 г. адведвалі Канстантынопальскія Патрыярхі: Афенагор, Дзімітрыёс і Барталамей.