Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян: створаны малітоўныя тэксты
Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству паінфармавала, што тэмай штогадовай экуменічнай ініцыятывы стануць словы з Евангелля св. Яна: “Заставайцеся ў Маёй любові: прынесяце багаты плён” (Ян 15,1-17), якія выражаюць пакліканне да малітвы, згоды і еднасці ў Касцёле і ўсёй чалавечай сям’і.
Паведамляецца, што першая арганізацыйная сустрэча па стварэнні малітоўных матэрыялаў праходзіла з 15 па 18 верасня 2019 г. У ёй бралі ўдзел не толькі прадстаўніцы манаскай супольнасці Гран-Шан, але таксама і члены Міжнароднага камітэта, прызначанага Экуменічнай радай Цэркваў і Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству. Затым на працягу некалькіх месцаў манахіні займаліся напісаннем тэкстаў.
Тэма экуменічнага Тыдня дазволіла ім “падзяліцца досведам і мудрасцю свайго сузіральнага жыцця, спалучанага з Божай любоўю, і расказаць пра плёны малітвы: больш глыбокую еднасць з братамі і сёстрамі ў Хрысце і большую салідарнасць з усім стварэннем.
Тэксты заснаваныя на трох стаўпах: малітве, супольным жыцці і гасціннасці. У іх паўтараецца заклік “заставацца ў Хрысце”, каб наблізіцца да іншых і пераадолець падзелы паміж хрысціянамі.
Супольнасць Гран-Шан была заснавана ў 1930-я гг. групай жанчын з руху Dames de Morges у Швейцарыі. У сваім асяродку малітвы яны займаюцца правядзеннем духоўных практыкаванняў, пошукам шляхоў паяднання паміж хрысціянамі і ўнутры чалавечай сям’і на аснове павагі да стварэння. Супольнасць мае міжнародны і міжканфесійны характар. На сённяшні дзень яна складаецца з 50-ці жанчын.