Пошук

Мансеньёр Кіт Ньютан з Францішкам Мансеньёр Кіт Ньютан з Францішкам 

10 гадоў Ардынарыяту для былых англіканаў

Католікі Вялікабрытаніі адзначаюць першы юбілей Ардынарыяту для былых англіканаў. 15 студзеня 2011 г. першая група былых пастараў, у асноўным жанатых, атрымала святарскае пасвячэнне ў Каталіцкім Касцёле.

Сярод іх быў Кіт Ньютан, былы англіканскі епіскап, якога ў той жа дзень Папа прызначыў кіраўніком новай каталіцкай структуры. Ён падкрэсліў, што праз 10 гадоў Ардынарыят трывала ўвайшоў у рэальнасць Касцёла ў Вялікабрытаніі. У ім больш за 100 святароў і 25 парафій. Характэрна, што іх храмы наведваюць не толькі былыя англікане, але і іншыя католікі. Такім чынам, англіканская традыцыя, якая захавалася ў Ардынарыяце, у сваёй літургіі і духоўнасці ўзбагачае Касцёл.

Мансеньёр Ньютан адзначыў, што досвед Ардынарыяту мае – як і задумаў Бэнэдыкт XVI – прарочае значэнне, якое паказвае шлях да адзінства Касцёла. У экуменізме сёння шмат намаганняў прыкладаецца да разумення дактрыны іншых канфесій, і гэта вельмі важна, але пакуль не хапае разважанняў пра тое, што трэба зрабіць на практыцы, каб аднавіць адзінства Касцёла.

У цяперашні час Ардынарыят – адзіная рэчаіснасць, дзе быў зроблены гэты крок да адзінства. Гэта першая пасля Рэфармацыі група, якая афіцыйна вярнулася ў Касцёл. Яна дэманструе сабой тое, што можа рэалізавацца ў будучыні, што гэта магчыма, - перакананы святар. Ён сцвярджае, што ў Касцёле паважаюць адметнасць католікаў англіканскай традыцыі і ўспрымаюць іх як роўных.

Кіраўнік Ардынарыяту для былых англіканаў падкрэсліў, што важнай падзеяй для іх стала кананізацыя кардынала Джона Генры Ньюмэна, які, як і яны, вырашыў перайсці ў Каталіцкі Касцёл і цяпер афіцыйна прызнаны ў якасці прыкладу для пераймання. Мансеньёр Ньютан нагадаў, што Ньюмэн таксама думаў стварыць Англіканскую Уніяцкую Царкву. Цяпер гэта рэалізуецца ў Ардынарыяце, дзе захаваліся элементы, якія ўзніклі падчас англіканскай Рэфармацыі, але адпавядаюць каталіцкай веры. Многія католікі не ўсведамляюць, наколькі разнастайны Касцёл сёння, - заўважыў былы англіканскі епіскап у інтэрв'ю I.Media.
 

18 студзеня 2021, 12:28