Францішак моліцца за памерлага кардынала Анры Шверы
У спачувальнай тэлеграме Святы Айцец запэўніў у блізкасці родных спачылага кардынала і вернікаў дыяцэзіі Сьён, пастырам якой ён быў на працягу многіх гадоў. Папа высока адзначыў служэнне іерарха, які ўважліва адносіўся да патрэбаў вернікаў, а таксама спрыяў распазнанню паклікання і фармацыі святароў.
Анры Шверы нарадзіўся ў 1932 г. у горадзе Сэн-Леанар на поўдні Швейцарыі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1957 г. Вучыўся ў Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме і Фрыбургскім універсітэце. Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю і душпастырствам, працаваў са студэнцкай моладдзю. У 1977 г. Павел VI прызначыў яго біскупам Сьёна. З 1983 па 1988 гг. – старшыня Канферэнцыі Біскупаў Швейцарыі.
У 1991 г. атрымаў кардынальскую годнасць. Быў членам Кангрэгацыі па справах кананізацыі і Папскай рады па сродках сацыяльнай камунікацыі. З 1995 г. на пенсіі. Прымаў удзел у канклаве 2005 г., на якім на Пасад св. Пятра быў выбраны Бэнэдыкт XVI.
Пасля смерці кардынала Шверы Калегія кардыналаў складаецца з 228 іерархаў, з якіх 128 маюць права голасу на магчымым канклаве.