Пошук

Пасля землятрусу ў Харватыі. Ілюстрацыйнае фота Пасля землятрусу ў Харватыі. Ілюстрацыйнае фота 

Бэнэдыкт XVI моліцца за харватаў, пацярпелых ад землятрусу

Касцёл у Харватыі, які моцна пацярпеў у выніку землятрусу 29 снежня 2020 г., атрымаў словы падтрымкі і благаслаўленне ад Бэнэдыкта XVI.

Адпаведны ліст праз некалькі дзён пасля бедства Папа-эмерыт адрасаваў кардыналу Ёсіпу Базанічу, арцыбіскупу Заграба.

“Жадаю пераказаць сваё глыбокае хваляванне і свой удзел у болі, выкліканым гэтай неспасціжнай стыхіяй. (...) Прашу Дзіцятка Езуса ўзглянуць на пакуты шматлікіх бязвінных людзей і дапамагчы ў аднаўленні таго, што было знішчана”, - напісаў Бэнэдыкт XVI.

Раней свае спачуванні жыхарам Харватыі выказаў папа Францішак, узгадаўшы пра разбуральнае стыхійнае бедства падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 30 снежня 2020 г. Праз некалькі дзён ад яго імя тэрыторыі, якія найбольш пацярпелі ад катаклізму, наведаў Апостальскі нунцый у Харватыі, арцыбіскуп Джорджа Лінгва.

Землятрус магнітудай 6,4 стаў самым моцным у гісторыі сучаснай Харватыі. Яго эпіцэнтр быў зарэгістраваны ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад Заграба, сталіцы Харватыі. Падземныя штуршкі адчуваліся нават у суседніх краінах.

У выніку землятрусу толькі ў Сісакскай дыяцэзіі, якая апынулася ў эпіцэнтры стыхіі, аказаліся разбуранымі сем касцёлаў і моцна пацярпелі яшчэ дваццаць каталіцкіх святынь.

Касцёл працягвае аказваць дапамогу жыхарам Харватыі, эвакуіраваным у сувязі з жудасным землятрусам.

Дабрачынная каталіцкая арганізацыя Caritas, у прыватнасці яе харвацкае, венгерскае і італьянскае аддзяленні, неадкладна накіравалі ў месца землятрусу матэрыяльную дапамогу і будаўнічыя матэрыялы. Сродкамі дабрачыннай арганізацыі было прафінансавана набыццё 100 жылых модуляў для людзей, якія ў выніку прыроднага бедства засталіся без даху над галавой.
 

16 студзеня 2021, 10:29