Пошук

Францішак і Барталамей І. Ілюстрацыйнае фота Францішак і Барталамей І. Ілюстрацыйнае фота 

Хрысціянскае адзінства: важныя каталіцка-праваслаўныя падзеі

Пандэмія значна запаволіла, але не спыніла каталіцка-праваслаўнага дыялогу і адносін. На гэта звярнуў увагу кс. Андрэа Пальміеры з Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству ў L'Osservatore Romano.

Ужо традыцыйна, падчас Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян газета дае агляд кантактаў Каталіцкага Касцёла з рознымі канфесіямі.

Найважнейшай падзеяй аўтар лічыць візіт Патрыярха Канстантынопальскага ў Рым 19-22 кастрычніка 2020 г. Асноўнай яго мэтай быў удзел у Міжнароднай мірнай сустрэчы, арганізаванай супольнасцю св. Эгідзія. Барталамей І удзельнічаў у ёй разам з Францішкам і іншымі рэлігійнымі лідарамі.

Яшчэ адна важная сустрэча адбылася перад самым выбухам эпідэміі, 13 лютага – Святы Айцец прыняў на прыватнай аўдыенцыі старшыню Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, Мітрапаліта Іларыёна. Ён прыехаў у італьянскую сталіцу, каб прыняць удзел у канферэнцыі, якая прайшла ў Папскім універсітэце св. Тамаша Аквінскага ў 4-ю гадавіну памятнай гаванскай сустрэчы папы Францішка з Патрыярхам Кірылам. У той жа дзень сустрэлася Рабочая група па каардынацыі культурных і сацыяльных праектаў паміж Апостальскай Сталіцай і Рускай Праваслаўнай Царквой.

27 лютага Францішак падарыў кіраўніку Балгарскай Праваслаўнай Царквы, Патрыярху Неафіту рэліквіі св. Клімента і св. Патыта. Гэта жэст Папа прымеркаваў да першай гадавіны сваёй паездкі ў Балгарыю. Ватыканская газета падкрэсліла асаблівае экуменічнае вымярэнне падзеі, улічваючы, што Балгарская Праваслаўная Царква не ўдзельнічае ў міжнародным каталіцка-праваслаўным тэалагічным дыялогу і пакінула Сусветную Раду Цэркваў і Канферэнцыю Еўрапейскіх Цэркваў.

У выніку пандэміі не адбылося традыцыйнага візіту дэлегацыі Канстантынопаля ў Рым ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, але прадстаўнікі Святога Пасаду ў адпаведнасці з больш чым 50-гадовым звычаем адправіліся 30 лістапада ў Стамбул на святкаванне ўрачыстасці св. Андрэя Апостала, апекуна Патрыярхата.

Шмат праваслаўных іерархаў адгукнуліся на заклік Святога Айца 22 сакавіка 2020 г. разам памаліцца Ойча наш за ўсё чалавецтва і асабліва за ахвяр пандэміі.

На жаль, у 2020 г. каронавірус забраў шмат праваслаўных епіскапаў і святароў, у тым ліку сербскага Патрыярха Ірынея. На яго пахаванні ў Бялградзе прысутнічаў Апостальскі нунцый у Сербіі, арцыбіскуп Лучана Сурыяні і мясцовы арцыбіскуп Станіслаў Хачавар.

У верасні 2020 г. на Крыце павінна было адбыцца пасяджэнне Каардынацыйнага камітэта Міжнароднай сумеснай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Царквамі і абмеркаванне новага праекта дакумента аб першаснасці і сінадальнасці ў другім тысячагоддзі і сёння. Сустрэчу перанеслі на 2021 г.

Завяршаючы агляд леташніх каталіцка-праваслаўных кантактаў, L'Osservatore Romano адзначае, што пандэмія не спыніла “шляху пошуку хрысціянскага адзінства”.
 

25 студзеня 2021, 12:33