Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа да біскупаў Філіпін: Касцёл – дом з адчыненымі дзвярыма

Працягваць прыкладаць намаганні, даючы канкрэтнае сведчанне евангельскай любові, асабліва ў складаныя часы пандэміі каронавіруса, - заклікаў Пантыфік філіпінскіх іерархаў.

Святы Айцец скіраваў зварот да ўдзельнікаў 121-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Біскупаў Філіпін, якое праходзіць у фармаце анлайн-канферэнцыі. Пасланне Папы зачытаў нунцый у гэтай азіяцкай краіне, арцыбіскуп Чарльз Браун.

Францішак выказаў пажаданне, каб сустрэча епіскапату паспрыяла ўзнікненню “больш творчых выразаў” душпастырскай дзейнасці, што дапаможа Каталіцкаму Касцёлу на Філіпінах быць “домам з адчыненымі дзвярыма, які дае надзею і сілу тым, хто пакутуе, і ўсім, хто шукае больш гуманнага і годнага жыцця”. Папа запэўніў іерархаў у сваім благаслаўленні і падтрымцы іх місіі.

У цэнтры ўвагі філіпінскага епіскапату ў гэтыя дні знаходзяцца ў першую чаргу сацыяльныя выклікі, звязаныя з пандэміяй каронавіруса, ахвярамі якой ужо сталі больш за 10 тыс. чалавек, а таксама з наступствамі разбуральных ураганаў, якія абрынуліся на краіну на працягу 2020 г. Біскупы будуць абмяркоўваць праграму святкавання 500-годдзя хрысціянства на Філіпінах; мерапрыемствы былі запланаваны на 2021 г., але па прычыне пандэміі адкладзены на год.
 

28 студзеня 2021, 10:50