СДМ-2023: моладзь падтрымлівае адзінокіх пажылых
У партугальскіх парафіях большасць моладзевых груп, уключаных у арганізацыю форума, імкнуцца наладжваць і падтрымліваць рэгулярныя кантакты з пажылымі людзьмі, якія з прычыны эпідэмічных абмежаванняў адчуваюць сябе адзінокімі. Моладзь рэгулярна тэлефануе і размаўляе з імі, пры неабходнасці дапамагае матэрыяльна і ў наладжванні быту.
У пачатку снежня 2020 г. аргкамітэт агульнакасцёльнага мерапрыемства заклікаў партугальскую моладзь падтрымаць пажылых людзей падчас Адвэнту і Божага Нараджэння, каб такім чынам зладзіць “вялікі нацыянальны рух за радасць”.
Цэнтральныя ўрачыстасці Сусветных дзён моладзі, ініцыяваных св. Янам Паўлам II, пройдуць у Лісабоне ў жніўні 2023 г. Першапачаткова іх планавалася правесці летам 2022 г., але дата была перанесена з прычыны пандэміі COVID-19.