Пошук

Кардынал Пэтэр Эрдо Кардынал Пэтэр Эрдо  

Эўхарыстычны кангрэс у Будапешце: спадзяванні на візіт Папы

Арганізатары не губляюць надзеі, што запланаваны на верасень Міжнародны эўхарыстычны кангрэс у Будапешце і візіт Папы з гэтай нагоды адбудуцца.

Кардынал Пэтэр Эрдо падкрэсліў, што ва ўмовах працяглай пандэміі падзея стане вялікім знакам надзеі для свету. Ён прызнаў, што да форума па-ранейшаму захоўваецца вялікая цікавасць. Перш чым Францішак з прычыны пандэміі вырашыў перанесці мерапрыемства на год, аб удзеле ў ім паведамілі больш за 60 тыс. чалавек з усяго свету.

“Мы падтрымліваем з імі сувязь. Тым, хто папрасіў, мы вярнулі ўступны ўзнос. Ідзе пошук новых месяц для правядзення некаторых сустрэч, неўзабаве зноў пачнём навучаць валанцёраў”, - паведаміў Прымас Венгрыі.

Ён падкрэсліў, што пандэмія паказала католікам, што “крыніцай супольнага жыцця Касцёла з'яўляецца Эўхарыстыя". “У гэты час шмат парафій пачалі трансліраваць літургію ў інтэрнэце, але ўсе адчулі, што гэтым не заменіш асабістай прысутнасці ў Эўхарыстыі”, - заўважыў кардынал Эрдо. Таксама арганізатары вынеслі ўрок з пандэміі і хочуць, каб падзеі Кангрэса трансліраваліся анлайн.

Арцыбіскуп Эстэргомска-Будапешцкі падкрэсліў, што падрыхтоўка ідзе, але ў канчатковым выніку фармат сходу, запланаванага на 5-12 верасня 2021 г., вызначыць развіццё эпідэмічнай сітуацыі ў бліжэйшыя месяцы.

“Спадзяюся, што гэта будуць не толькі сустрэчы ў інтэрнэце”, - падкрэсліў іерарх. Таксама ёсць надзея на прысутнасць Папы: калі Францішак анансаваў свой візіт у Ірак у сакавіку, то і паездка ў Будапешт павінна адбыцца.

Першы Міжнародны эўхарыстычны кангрэс прайшоў у Францыі ў 1881 г. Мэтай форумаў з’яўляецца сведчанне рэальнай прысутнасці Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і садзейнічанне лепшаму разуменню літургіі і Эўхарыстыі ў жыцці Касцёла. Сходы звычайна праводзяцца раз на чатыры гады. Апошні быў на Філіпінах. У Будапешце Кангрэс пройдзе ў другі раз. Раней ён праводзіўся ў сталіцы Венгрыі ў 1938 г.
 

05 лютага 2021, 11:16